Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІСЯ ЛЮДЗІ КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫГЛЯДУ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Ноч у Курапатах прайшла даволі спакой, раніца таксама. Затое паменела валанцёраў, якія нясуць варту ў Курапатах. Уначы тут было чатыры чалавекі, а калі я ўдзень прыехала ў Курапаты, тут ля вогнішча сядзеў толькі адзін сябра руху Зубар. Пазьней ізноў пачалі прыходзіць людзі, і цяпер тут каля 10 чалавек.

Адметна, што ўдзень некалькі гадзінаў над Курапатамі кружыў гелікоптэр, часам вельмі нізка – у 10 мэтрах над зямлёй. Некаторыя з валанцёраў мяркуюць, што гэта ёсьць спроба запалохаць абаронцаў Курапатаў. Апрача таго я была сьведкай вельмі дзіўнага візыту. Дзесьці а 14-й гадзіне сюды пад’ехалі хлопцы ў скуранках і залатых ланцугах. Яны пачалі распытваць, колькі грошай атрымліваюць валанцёры за тое, што знаходзяцца тут, цікавіліся, ці беларусы ляжаць у гэтых магілах, а можа – габрэі? Наогул, паводзілі сябе вельмі нахабна. А потым паведамілі, што хутка сюды прыедуць амонаўцы і ўсіх разгоняць. Некаторыя абаронцы мяркуюць, што гэта быў невыпадковы візыт, бо каб выкінуць адсюль людзей, уладам неабавязкова зьвяртацца да АМОНу – можна зьвярнуцца па дапамогу да крымінальных структураў. Дарэчы, тут згадваюць пра выказваньні Лукашэнкі ў Гомелі, калі ён казаў пра шчыльныя стасункі паміж уладамі і крымінальнікамі.

Дарэчы, сёньня 29 кастрычніка. У гэты дзень у 1937 годзе ў Курапатах пачаліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. У гэты дзень быў забіты і Браніслаў Тарашкевіч. Побач са мной сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо”.

(Юхо: ) “Раней тут выступалі і Ніл Гілевіч, і Васіль Быкаў, і Генадзь Бураўкін. Таму і зараз, калі будаўнічая тэхніка падыйшла зусім блізка да Курапатаў, трэба, каб інтэлігенцыя ўзьняла свой голас і каб ён быў пачуты. Аб Курапатах сёньня ведае ўвесь сьвет, і толькі беларускія ўлады нічога ня хочуць чуць і хочуць руйнаваць помнік”.

(Соусь: ) “Вось толькі што зноў пралятаў гелікоптэр…Хачу таксама нагадаць, што заўтра, 30 кастрычніка, ва ўсім сьвеце паводле рашэньня ААН будзе адзначацца сусьветны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У Беларусі сёлета ўпершыню пад эгідай Грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” пройдзе тыдзень памяці дзеля ўшанаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG