Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМЭРЫКА І ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ НАРОШЧВАЮЦЬ МОЦ УДАРАЎ ПА АФГАНІСТАНЕ


Мікола Іваноў, Прага

Кіраўніцтва Пэнтагону паведаміла, што ў суботніх і нядзельніх налётах удзел прынялі да 70 баявых самалётаў перадавога базаваньня з авіяносцаў і наземнаых авіябазаў, а таксама цяжкія бамбавікі далёкага радыюсу дзеяньня. Аб’ектамі іх атакаў былі гарнізоны талібаў і перадавыя пазыцыі войскаў на поўнач ад Кабулу і каля Мазары Шарыфу. Гэтыя налеты, як сьцьвярджаюць міжнародныя аналітыкі, наблізілі час генэральнага наступу войскаў Паўночнага альянсу.

Як вядома, апошнім часам лідэры Паўночнага альянсу крытыкавалі тактыку амэрыканскіх налётаў. Сьцьвярджалася, што яны былі выразна недастатковыя для аблягчэньня наступу на Кабул і Мазары Шарыф, а таксама для зьнішчэньня ваеннай моцы талібскага рэжыму. Кіраўніцтва Паўночнага альянсу ўжо даўно зьвяртаецца да амэрыканцаў з просьбай больш цеснай каардынацыі ўдараў з паветра і наземных дзеяньняў апазыцыі. Цяпер жа яны адкрыта выказваюць сваё задавальненьне. Міністар замежных справаў ураду Паўночнага альянсу Абдула Абдула назваў апошнія дзеяньні амэрыканскай арміі вельмі важным крокам на шляху да перамогі над талібамі. “Калі падобныя бамбаваньні будуць нормай, - заявіў міністар, - задача зьнішчэньня тэрарызму будзе ажыцьцёўленая значна хутчэй”.

Аднак для хуткай перамогі над талібамі патрэбная ня толькі інтэнсыфікацыя бамбаваньняў перадвых пазыцыяй талібаў, але і дадатковае ўзбраеньне аміі Паўночнага альянсу. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў, што гэтую задачу Расея возьме на сябе. Ёсць інфармацыя, што пачаліся пастаўкі з Расеі абяцанага ўзбраеньня для войскаў альянсу, якія рыхтуюцца да атакі на Кабул. З 40 абяцаных танкаў і 100 баявых машынаў пяхоты афганцы ўжо атрымі першыя машыны. Але пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца да канца году. Але ёсць і іншая інфармацыя, што войскам генэрала Рашыда Дустума, якія вядуць наступ на Мазары Шарыф, не хапае нават стралковай зброі і боепрыпасаў. Напярэдэдні звычайна халоднай у Афганістане зімы важнай зьяўляецца таксама праблема зімовай вопраткі і абутку для войскаў альянсу.

Трэба адзначыць, што талібы прадчуваюць сваю хуткую паразу і таму распаўсюджваюць рознага рода фальсыфікацыі і паклёпы. Яны, напрыклад, выразна завышаюць колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, ня грэбуюць і іншай хлусьлівай інфармацыяй. Віцэ-амбасадар талібаў у Пакістане Сохаіл Шахеен, напрыклад, заявіў:

(Шахеен: ) “Амэрыка хоча падзелу Афганістану. Яны хочуць стварыць марыянэткавы рэжым на поўначы і аддзяліць яе ад поўдня краіны. Мы з самага пачатку былі перакананыя, што Амэрыка змагаецца ня супраць так званага тэрарызму, а хоча перадзелу нашай краіны”.

Шахеен таксама падкрэсьлівае, што талібы будуць змагацца да канца:

(Шахеен: ) “Мы заўсёды папярэджвалі амэрыканцаў, што афганцы ваююць голымі рукамі, але яны поўныя рашучасьці і веры абараніць сваю бацькаўшчыну і сваю рэлігію”.

Сярод іншых падзеяў вакол Афганістану адзначым заяву міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэльда аб тым, што амэрыканскія і брытанскія вайскоўцы не зьбіраюцца прыпыніць бамбаваньні на пэрыяд сьвятога месяцу мусульманаў Рамадану, які пачынаецца 17 лістапада. Аднак брытанскі міністар абароны Джэк Стро, выступаючы па ВВС, заявіў, што падобнае прыпыненьне разглядаецца амэрыканскім і брытанскім камандваньнем.


XS
SM
MD
LG