Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАДА БНР ВЫКАЗАЛА ПАДТРЫМКУ АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ І ВЫЗНАЧЫЛА ПЛЯН СВАІХ ДЗЕЯНЬНЯЎ НА БЛІЖЭЙШЫ ЧАС


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Як вядома, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Рада БНР заявіла, што не прызнае Аляксандра Лукашэнку ў якасьці легітымнага прэзыдэнта. На цяперашнім пасяджэньні абмяркоўвалася сытуацыя, якая склалася ў Беларусі пасьля выбараў і, у сувязі зь ёй, дзейнасьць Рады БНР.

Члены Прэзыдыюму адзначылі, што падчас выбараў і адразу пасьля іх Беларусь апынулася ў цэнтры ўвагі усясьветнай супольнасьці. Аднак тэрарыстычныя атакі 11-га верасьня прымуслілі лідэраў вядучых краінаў зьвярнуцца да іншых праблемаў.

Нягледзячы на гэта, Лукашэнка памыляецца, калі спадзяецца, што апынецца без усялякага кантролю. Наадварот, менавіта ў цяперашняй сытуацыі кантакты афіцыйнага Менску зь некаторымі краінамі, якія наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць тэрарызм, могуць дорага каштаваць Лукашэнку – было заўважана на паседжаньні Прэзыдыюму.

Паводле меркаваньня Рады БНР, найбольш рэалістычную пазыцыю ў дачыненьні да Лукашэнкі займае ўрад ЗША, які адназначна заявіў пра непрызнаньне выбараў. Цяпер члены Рады БНР праводзяць сустрэчы з амэрыканскімі палітыкамі, падчас якіх даводзяць, што ва ўмовах палітычнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі Захад павінен дапамагаць апазыцыі і спрыяць разьвіцьцю ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці.

На пасяджэньне Прэзыдыюму Рады БНР быў запрошаны лідэр партыі БНФ Зянон Пазьняк, які прадставіў свой погляд на сытуацыю ў Беларусі. Паводле Пазьняка, цяпер існуюць дзьве асноўныя мэты – аб’яднаць усе нацыянальна-вызвольныя сілы, якія стаяць на пазыцыях захаваньня незалежнасьці і беларускай культуры і мовы, а таксама не дапусьціць захопу расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў.
Адносна апошняга сябра Рады Алесь Сільвановіч заўважыў, што некаторыя заходнія палітыкі паставілі стаўленьне да Лукашэнкі ў залежнасьць ад рынкавых рэформаў, у тым ліку і прыватызацыі. Лукашэнка можа пайсьці на прыватызацыю, але маёмасьць пры гэтым сапраўды можа апынуцца ў расейскага капіталу. Гэта – пагроза сувэрэнітэту Беларусі.

Ала-Орса Рамана зьвярнула ўвагу на неабходнасьць аднаўленьня традыцыі беларускіх школак, што дазволіць далучыць дзяцей новапрыбылых эміргантаў да беларускай культуры.

Прэзыдыюм Рады БНР выказаў падтрымку беларускім патрыётам, якія выступілі ў абарону Курапатаў. Паводле словаў Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, спрыяць захаваньню Курапатаў – сьвяты абавязак кожнага сумленнага беларуса.


XS
SM
MD
LG