Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА: "ДА НУ, ХЛОПЦЫ, БАЦЬКА СКАЗАЎ — ЗАМОЧЫЦЬ"


Юры Сьвірко, Менск

Суботняя "Панарама" дала ў эфір частку прамовы Аляксандра Лукашэнкі ў Гомелі, дзе той паведаміў, што на другім годзе прэзыдэнцтва загадаў скласьці каталёгі крымінальных элемэнтаў у Менску ды абласьцях.

"Дагэтуль у сэйфе ляжыць. Мы ведаем усіх. І яны ведаюць, што мы іх ведаем", — зазначыў спадар Лукашэнка, а пасьля зрабіў сэнсацыйную заяву: "Калі ты сумленна праводзіш палітыку, калі ты сам ня злодзей, яны гэтага жахліва баяцца: "Да ну, хлопцы, бацька сказаў — замочыць". Быў выпадак, калі яны няправільна сябе паводзілі. Памятаеце вы гэтых Шчаўлікаў ды іншых. Дзе яны цяпер? Таму ў краіне парадак і ўсе задаволеныя. І дакладваюць у службу бясьпекі: "Тры тысячы галоваў за вас прагаласавала". Так, так, тэлефанавалі й дакладалі — галоваў".

Аляксандар Лукашэнка фактычна прызнаў, што кантралюе крымінальны сьвет, а крымінальнікі за яго галасуюць на выбарах. Аднак галоўная сэнсацыя ў тым, што Лукашэнка намякае: "Бацька замачыў Шчаўліка". Гэта мянушка менскага злодзея ў законе, які зьнік бязь вестак ды якога, паводле першых электронных лістоў былых сьледчых Случака й Петрушкевіча, забіў "эскадрон сьмерці".

Сьледчыя яшчэ ў чэрвені сьцьвярджалі, што гэты эскадрон спачатку трэніраваўся на крымінальніках Шчаўліку й Маманцёнку, а потым перайшоў да палітычных забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Сёньня я патэлефанаваў Мікалаю Барысевічу, прэсаваму сакратару Аляксандра Лукашэнкі, які разам зь ім быў на мінулым тыдні ў Гомелі, ды задаў пытаньне: ці можна разумець Лукашэнкаву заяву наступным чынам:

(Карэспандэнт: ) "Ці Лукашэнка мае дачыненьне да заказных забойстваў? Проста хацелася б камэнтар узяць..."

(Барысевіч: ) "Кажу, што ніякага дачыненьня ня меў і ня мае".

Я нагадаў спадару Барысевічу цытату:

(Карэспандэнт: ) "Помните вы этих Щавликов и прочих. Где они сейчас?"

(Барысевіч: ) "Ну і дзе яны зараз?"

(Карэспандэнт: ) "Батька сказал — замочит".

(Барысевіч: ) "Юры, ня трэба перадзёргваць тут сэнс. Сэнс быў у тым, што так, на першым часе былі спробы, дапусьцім, як і паўсюль на постсавецкай прасторы, спробы з боку крымінальнае эканомікі й гэтак далей, крыміналу свае правілы ўсталяваць.

Гэтага не атрымалася, так, і таму гаворыцца: "А дзе зараз?" Маецца на ўвазе "зараз" — тое, што чалавек... Уплыву крымінал не аказвае аніякага. Вось гэта й мелася на ўвазе — дзе ён зараз. Маецца на ўвазе, што сама сфэра ўплыву такога, як у іншых, дапусьцім, яна не аказвала й не аказвае. Вось гэта маецца на ўвазе".

(Карэспандэнт: ) "Ну, у кантэксьце "бацька сказаў — замочыць" і гэтых лістоў Случака й Петрушкевіча, дзе сказана, што першым зьнік Шчаўлік..."

(Барысевіч: ) "Ні Петрушкевіча там, нічога не было. Гаварылася ў тым кантэксьце — яшчэ раз паўтараю, — гаварылася што да крымінальных элемэнтаў. Ні Шчаўлікаў там, ні канкрэтна пра нейкія асобы размовы ніякай не ішло. Я гэта яшчэ раз падкрэсьліваю і паўтараю — што размовы канкрэтна пра нейкія асобы не ішло", — сказаў Мікалай Барысевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле юрыста Гары Паганяйлы зь Беларускага Гельсынскага камітэту, на крымінальнікаў сапраўды вядзецца "апэратыўны ўлік", і летась толькі ў Менску на гэтым уліку было каля 200 асобаў, якіх адносяць да крыміналітэту.

(Карэспандэнт: ) "А што-небудзь пра Шчаўліка і Маманцёнка вы ведалі раней?"

(Паганяйла: ) "Так, я ведаў. Сапраўды, пасьля таго, як Шчаўлік шырока, адкрыта адсьвяткаваў сваё вясельле ці дзень нараджэньня (я зараз дакладна не памятаю, гэта быў, па-мойму, 1996-ы год), там быў Шуфуцінскі, іншыя эстрадныя зоркі, і гэта, дарэчы, трапіла ў наш друк — пра тое, наколькі шырока прагрымела гэтае вясельле ці дзень нараджэньня, што ён там сьвяткаваў, — прэзыдэнт сапраўды выклікаў міністра ўнутраных справаў і ўказаў на тое, што з гэтымі людзьмі ў Беларусі пара канчаць".

Гары Паганяйла дадаў, што Шчаўліка, сапраўднае імя якога Ўладзімер і які быў "злодзеем у законе", раней асудзіў Савецкі раённы суд Менску да ўсяго 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

(Паганяйла:) "Не даказалі больш цяжкіх злачынстваў — ён пасьпяхова выйшаў зь СІЗА, але потым, сапраўды, зьнік".

(Карэспандэнт: ) "Ён менавіта зьнік? Пасьля таго, як Лукашэнка выклікаў да сябе міністра, ён зьнік?"

(Паганяйла: ) "Ён зьнік, так. І сапраўды, у злодзейскім, што называецца, сьвеце, падазраюць, што ліквідацыя некаторых злачынных аўтарытэтаў была ажыцьцёўленая менавіта спэцслужбамі, прычым менавіта фізычная ліквідацыя".

Паводле спадара Паганяйлы, зьнікненьне Шчаўліка ў справе пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага не фігуруе, і групе Ігнатовіча такое абвінавачаньне не выстаўлялі.

Гары Паганяйла заявіў, што нічога новага Аляксандар Лукашэнка не раскрыў, а гомельскую заяву спадара Лукашэнкі ён пракамэнтаваў так:

(Паганяйла:) "У сваіх службовых — і неслужбовых часам — справах і выказваньнях ён паводзіць сябе сапраўды як пахан, то бок арганізатар злачыннае групоўкі".


XS
SM
MD
LG