Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАД’ЮСАР АЛЬБОМУ “Я НАРАДЗІЎСЯ ТУТ” АЛЕСЬ СУША РАСПАЧАЎ НОВЫ МУЗЫЧНЫ ПРАЕКТ


Юрась Барысевіч, Менск

Мастак Павал Татарнікаў атрымаў галоўны прыз Міжнароднае біенале кніжнае графікі, што ладзіцца пад эгідаю UNESCO ў Братыславе. Гэта найбольш прэстыжная ўзнагарода з усіх, што дагэтуль атрымлівалі беларускія мастакі кнігі. У 1986-м годзе адным зь пераможцаў Братыслаўскае біенале быў слынны Мікола Селяшчук, але ягоная ўзнагарода — залатая плякетка — была меншае вартасьці. Свой Гран-пры, "Залаты яблык", Павал Татарнікаў атрымаў за афармленьне зборніку беларускіх народных казак "Царэўна ў падземным царстве". Казкі ў пераказе пісьменьніка Ўладзімера Ягоўдзіка выйшлі ў выдавецтве "Полымя".

У бабруйскім тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча прайшла прэм'ера спэктаклю ў рэдкім для беларускага мастацтва жанры м'юзыклю. П'есу "Жарсьці па Сэрвантэсу" напісалі рэжысэр-пастаноўшчык Мікалай Дзінаў і паэт Аляксандар Русакоў. Музыка — Алега Залётнева. Спэктакль відовішчны: сьпяваюць і танчаць 22 артысты.

Алесь Суша, прад'юсар пасьпяховага патрыятычнага альбому "Я нарадзіўся тут", распачаў новы музычны праект. Гэтым разам зоркі беларускага року пішуць музыку на тэксты Ўладзімера Караткевіча. Папярэднюю згоду на ўдзел у праекце далі Лявон Вольскі, Вячаслаў Корань, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Кулінковіч і гурт "Палац". Запіс альбому ўжо пачаўся.

У Інстытуце філязофіі Акадэміі навук распачалася сэрыя публічных сэмінараў, прысьвечаных пераасэнсаваньню інтэлектуальных здабыткаў беларускае культуры. Мэта гэтага праекту мысьляроў з кола выкладчыкаў Беларускага калегіюму — далучыць надта кансэрватыўны Інстытут філязофіі да жывога эўрапейскага мысьленьня. Сэмінары ладзяцца раз на тры тыдні. Наступны, прысьвечаны віленскай філязофскай школе, мае адбыцца 8 лістапада.

Менскі рынак твораў самадзейнага мастацтва пераехаў з пляца Свабоды на Кастрычніцкі пляц. Цяпер ён месьціцца паміж Палацам прафсаюзаў і Музэем Вялікай Айчыннай вайны. Новы рынак разьлічаны на 140 гандлёвых месцаў. Тут сама будзе дзеяць офіс Менскае гарадзкое асацыяцыі вольных мастакоў, якая сёньня налічвае 181 творцу.

У межах міжнароднага тыдня францускае літаратуры ў галерэі Нацыянальнае бібліятэкі адчынілася выстава кніг і фотаздымкаў вядомага пісьменьніка Андрэ Мальро, колішняга міністра культуры Францыі ва ўрадзе генэрала дэ Голя. Бібліятэка імя Пушкіна наладзіла вечарыну сучаснай францускай паэзіі. Там сама адбылася прэзэнтацыя раману Таніна Бэнаквісты "Сага", які выйшаў у выдавецтве "Макбел". Гэта ўжо другі раман, выданьню якога паспрыяла амбасада Францыі ў Беларусі. На жаль, кнігі францускіх аўтараў, што выходзяць у межах выдавецкага праекту "Максім Багдановіч", друкуюцца па-расейску й вывозяцца ў Расею.

XS
SM
MD
LG