Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ЗМАГАРОЎ РУХУ СУПРАЦІВУ. МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ЖАЛОБНАЙ ІМПРЭЗЫ


Ягор Маёрчык, Менск

А ўвечары ў Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя ўшанаваньня памяці, наладжаная Маладым Фронтам. Затрымалі 13 актывістаў арганізацыі.

Мітынг, наладжаны Саюзам беларускіх габрэйскіх аб'яднаньняў і суполак, распачаўся роўна а 13-й гадзіне. Менавіта ў гэты самы час 60 гадоў таму ля брамы Менскага дражджавога заводу фашысты павесілі трох удзельнікаў руху падпольля — Кірылу Труса, Уладзімера Шчарбацэвіча і Машу Брускіну.

Выступоўцы казалі пра гістарычную значнасьць таго, што адбылося. Гэта было першае публічнае пакараньне-запалохваньне падчас Вялікай айчыннай вайны. Згаданыя падзеі фігуравалі на Нюрнбэргскім працэсе як прыклад злачынстваў фашыстаў.

Праблема ў тым, што дагэтуль у закатаванай падпольшчыцы афіцыйныя улады не прызнаюць Машу Брускіну, якая паводле словаў віцэ-прэзыдэнта Саюзу беларускіх габрэйскіх арагнізацыяў і суполак Якава Басіна, ёсьць гонарам габрэйскага народу. Ейнае імя носяць вуліцы ў Нью-Ёрку і Ерусаліме, а ў Тэль-Авіве ўсталяваны помнік.

У тым што гістарычная справядлівасьць дагэтуль не адноўленая, спадар Басін бачыць палітычны падтэкст:

(Басін: ) "У беларускай гістарычнай навуцы ідзе замоўчваньне ролі габрэяў. Сытуацыя вакол вяртаньня імя Машы Брускінай — гэта адзін з аспэктаў праблемы. Ня мы яе стварылі. Мы жывем на гэтай зямлі сем стагодзьдзяў і сапраўды пакінулі тут вялікі сьлед. Але, на жаль, дагэтуль ёсьць людзі, якія б не хацелі, каб гэтыя факты засталіся ў гісторыі й нашым нашчадкам".

Аднаклясьніца Машы Брускінай Фаіна Мохар абвінавачвае беларускія ўлады ў бязьдзейнасьці:

(Мохар: ) "А хто вінаваты? Улады вінаватыя. Даўно ўжо высьветлілі. Ужо колькі гадоў? Гадоў 20. Ну, палітыка, што тут зрабіць?"

Увечары актывісты Маладога Фронту таксама паспрабавалі ўшанаваць памяць закатаваных падпольшчыкаў. Яны меліся прайсьці апошнім шляхам Кірылы Труса, Уладзімера Шчарбацэвіча і Машы Брускінай ад сьценаў сьледчага ізалятара часовага ўтрыманьня да прахадной дражджавога заводу. У руках маладыя людзі трымалі кветкі, запаленыя сьвечкі, партрэты ахвяраў фашыстаў і плякат "Не — фашызму ў Беларусі".

Гэтая несанкцыянаваная акцыя, як заявіў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, павінна была прыцягнуць увагу грамадзтва да небясьпекі адраджэньня фашызму ў краіне:

(Севярынец: ) "Калі людзі зьбіраюцца ўшанаваць памяць тых, хто загінуў 60 гадоў таму, а ў падваротнях стаяць пара дзясяткаў амонаўцаў і колькі дзясяткаў міліцыянтаў з варанкамі — гэта і ёсьць праявай фашызму".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна казаць пра гістарычныя паралелі паміж тым часам і тым, што адбываецца сёньня?"

(Севярынец: ) "Трэба казаць пра такія паралелі. Тое, што адбываецца ў Курапатах зараз, і тое, што адбывалася ў Курапатах 60 гадоў таму — гэта прамыя паралелі".

Не пасьпелі ўдзельнікі акцыі ўшанаваньня памяці адысьці на 20 мэтраў ад сьценаў турмы, як з завулку выскачылі амонаўцы. Яны пачалі хапаць людзей і цягнуць іх да варанкоў.

XS
SM
MD
LG