Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ХАЙ ДУША КОЖНАГА, РАССТРАЛЯНАГА Ў КУРАПАТАХ, УВАСОБІЦЦА Ў КРЫЖ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Тут сабралася больш за паўтары тысячы чалавек. Гэта сябры КХП БНФ, БНФ “Адраджэньне”, Маладога Фронту, Беларускай партыі Свабоды, Руху Зубар і проста шараговыя грамадзяне. Яны прыйшлі ў Курапаты з кветкамі і крыжамі. Гараць зьнічы. Вось толькі што адбылося набажэнства па бязьвінна загіблых людзях, якое правялі два сьвятары – ксёндз Ігар Лашук з парафіі Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Менску і айцец Леанід Акаловіч з Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы на Бацькаўшчыне. Цяпер на мітынгу зачытваюць ліст Зянона Пазьняка, які ён даслаў адмыслова на Дзяды ў Курапатах. Ліст чытае сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал. Зянон Пазьняк піша пра тое, што гэта першыя Дзяды ў трэцім тысячагодзьдзі, і менавіта цяпер узьнікла вялікая пагроза, што Курапаты будуць зьнішчаныя. Цытата:

“Я хачу сказаць, што ня раз казаў: будуйма ў Курапатах усім народам народны мэмарыял, хай кожная несьмяротная душа, растраляная ў Курапатах, увасобіцца ў крыж”.

Гэта словы зь ліста Зянона Пазьняка.

Людзі, якія выступаюць на мітынгу, кажуць, што яны цяпер знаходзяцца літаральна на лініі фронту, бо робяцца ўсе захады, каб зьнішчыць гэтае сьвятое месца.

Дарэчы, менавіта сёньня працягваюцца будаўнічыя працы. Будоўля наблізілася літаральна на 10 мэтраў да мяжы Курапатаў і не спыняецца нават у час мітынгу. Пра гэта зхараз гаворыць на мітынгу спадар Беленькі.

Не абыйшлося без інцыдэнтаў. Нейкі п’яны юнак спрабаваў крычаць “Слава Расеі”, але яго хутка выгналі з Курапатаў іх абаронцы”.

(Ціхановіч: ) “Ганна, ці літасьцівае надвор’е да абаронцаў Курапатаў сёньня, і як выглядае зараз сам мэмарыял? Ці пабольшала крыжоў?”

(Соусь: ) “Тут зараз даволі вільготна, надвор’е не зусім добрае. Крыжоў вельмі шмат – больш за сто. Вось сёньня, калі праваслаўны і каталіцкі сьвятар асьваячалі крыжы, яны асьвячалі ня толькі тыя, што тут былі, але і тыя, што людзі несьлі падчас шэсьця 10 кілямэтраў. Прынесеныя сёньня крыжы потым будуць усталяваныя на магілах”.

XS
SM
MD
LG