Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ АДКРЫЛІ ПОМНІК ЗАСНАВАЛЬНІКАМ ГОРАДУ — СТАРАЖЫТНЫМ КРЫВІЧАМ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Помнік мае сьціплыя памеры, але ў ім закладзены глыбокі духоўны сэнс. Нашыя продкі стаяць на чаўне часу і плывуць праз гады па рацэ памяці, што яднае мінуласьць і сучаснасьць.

А пачалася ўрачыстасьць з асьвячэньня помніка, якое ладзіў япіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосі, а затым перад прысутнымі выступіў аўтар помніка Алесь Шатэрнік, вядомы ня толькі як таленавіты разьбяр, але і як рупліўца нацыянальнага духу.

Тлумачыўшы ідэю сваёй працы, майстар ужыў трапную паэтычную мэтафару, сказаўшы, што беларусы пайшлі ня толькі ад трох славянскіх плямёнаў, але і ад трох стыхіяў. Бо стыхія крывічоў — гэта вада, дрыгавічоў — зямля, а радзімічаў — агонь. "Бог, — сказаў майстра, — малюе белым, людзі чорным, а мастакі жывуць на мяжы белага і чорнага, і мусяць рупіцца, каб нашыя ўчынкі і нашае жыцьцё былі сьвятлейшыя і каб мы памяталі, адкуль пайшлі".

Заўважым, што помнік паўстаў на тым месцы, дзе зусім нядаўна стаяла гарадзкая дошка гонару, і зьяўленьне на месцы жалезабэтоннай памяткі бальшавізму помніка нашым продкам выглядае сымбалічна. 5 тысяч даляраў на яго адліўку і ўсталяваньне былі збольшага сабраныя сярод мясцовых прадпрымальнікаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG