Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЁ БОЛЬШ ГАВОРАЦЬ ПРА ЦЯЖКАСЬЦІ, ЗЬ ЯКІМІ СУТЫКНУЛАСЯ АПЭРАЦЫЯ Ў АФГАНІСТАНЕ


Мікола Іваноў, Прага

Выступаючы ўчора на прэсавай канфэрэнцыі ў Пэнтагоне, міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд як бы выліў вядро халоднай вады на галовы тых, хто спадзяецца хуткай перамогі над талібамі. Ён у прыватнасьці заявіў:

(Рамсфэльд: ) “Я думаю, што справа ў тым, чаго чакалі вы ад гэтай вайны. Але той, хто ўважліва сачыў за гісторыяй гэтай краіны і ўлічваючы той факт, што людзі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў гэтай краіне, людзі, якія маюць там уладу, зьбіраюцца яшчэ доўгія гады змагацца паміж сабой, ня трэба зьдзіўляцца (для мяне гэта зусім ня дзіўна), што яны добра выконваюць гэтую задачу: ваяваць паміж сабой. Мае спадзяваньні палягалі ў тым, як зрабіць так, каб дапамагчы наземным сілам перамагчы іх”.

Галоўная наземная сіла, здольная пры амэрыканскай падтрымцы перамагчы талібаў, – Паўночны альянс. Наступ войскаў альянсу на важны стратэгічны горад Мазары Шарыф практычна затрымаўся. Талібы некалькі разоў у гэтым раёне пераходзілі ў контрнаступ. Так і не пачаўся спадзяваны наступ войскаў апазыцыі на Кабул, хаця іх аддзяляе ад афгансткай сталіцы ўсяго 35 км. Лідэры паўночнага альянсу сьцьвярджаюць, што амэрыканская авіяцыя выразна недастаткова атакуе перадавыя пазыцыі талібаў.

Газэта New York Times сёньня зьмясьціла на сваіх старонках рэпартаж свайго карэспандэнта ў Афганістане Дэвіда Родэ, у якім гаворыцца, што камандаваньне Паўночнага альянсу незадаволенае амэрыканскай паветранай падтрымкай. Вядомы палявы камандзір Махамэд Шыр сьцьвярджае, што талібы ў сваіх радыёперадачах зьдзекваюцца з амэрыканскіх бамбаваньняў іх перадавых пазыцыяў. “Талібы лічаць, - гаворыць Махамэд Шыр, - што амэрыканскія бомбы ня робяць ім ніякай шкоды”. Паводле ягоных словаў, перад пачаткам бамбаваньняў частка талібскіх атрадаў баялася моцнага амэрыканскага ўдару з паветра і нават пачала з Шырам перамовы аб пераходзе на ягоны бок. Але, як толькі бамбаваньні пачаліся, перамовы гэтыя спыніліся. Замест таго, каб падарваць баявы дух талібаў, лічыць Шыр, амэрыканскія налёты наадварот падымаюць яго.

Іншы палявы камандзір апазыцыі генэрал Баба Ян гаворыць, што “нават, калі б ЗША сто гадоў такім чынам бамбавалі талібаў, гэта было б недастаткова”.

Сёньня з Афганістану прыйшла яшчэ адна сумная інфармацыя. Талібы захапілі вядомага палявога камандзіра, героя вайны супроць савецкай акупацыі Афганістану Абдулу Хака, які вярнуўся ў краіну з Савудаўскай Арабіі ў надзеі стварыць фронт змаганьня з талібамі на поўдні Афганістану. Ён пуштун па нацыянальнасьці і спадзяваўся на падтрымку пуштунскага насельніцтва, якое складае самую вялікую нацыянальную групу краіны. Але нехта здрадзіў. Яго захапілі разам з чатырма ягонымі паплечнікамі, і, як мы толькі што атрымалі паведамленьне, амаль адразу расстралялі.

Як вядома, пачатковая галоўная задача амэрыканскай антытэрарыстычнай апэрацыі быў захоп і прыцягненьне да суду Усамы бін Лядэна, якога абвінавачваюць у арганізацыі тэрарыстычных нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня. На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі міністр абароны ЗША Дональд Рамсфэльд вымушаны быў прызнаць, што бін Лядэн хаваецца недзе ў адной з пячораў Паўднёвага Афганістану і знайсьці яго цяпер вельмі цяжка.

(Рамсфэльд: ) “Гэта вельмі цяжка. Гэта як шукаць іголку ў стозе сена. Я мяркую, што лягчэй зьмяніць кіраўніцтва руху талібаў і адначасна шукаць неабходную нам асобу, чымся шукаць яе да зьмены ўлады. Але мы, безумоўна, робім усё, што ў чалавечых сілах, каб знайсьці яго”.

Калі бліц-крыг у амэрыканцаў не атрымліваецца, якая б магла быць стратэгія доўгатэрміновай вайны з талібамі? На гэтае пытаньне сёньня шукаюць адказу амаль што ўсе ваенныя аналітыкі і палітычныя камэнтатары сьвету. Ясна, што для перамогі патрэбныя значна большыя сілы, чым цяпер Амэрыка сканцэнтравала ў гэтым рэгіёне.
Я тут прыгадаю думку аднаго з аналітыкаў, Міхаэла О’Ганлона з Вашынгтонскага інстытуту Брукінгса, які займаецца стратэгічнымі даследваньнямі:

(Ганлон: ) “Я думаю, што з часам перамога прыйдзе. Але трэба, зразумела, пашырыць супраціў талібам, уключыць у яго новыя групы, а ня толькі Паўночны альянс. Я думаю, што трэба заняцца падрыхтоўкай і ўзбраеньнем руху супраціву ў дапаўненьне да дзеяньняў нашай авіяцыі. Будзе яшчэ дастаткова баёў на працягу восені”.

Калі ж меркаваць паводле выказваньняў іншых ваенных экспэртаў, гэтая думка Міхаэла О’Ганлона даволі аптымістычная. Іншыя лічаць, што вайна можа працягвацца усю зіму і нават вясну. Канчатковае ж вычышчэньне Афганістану ад тэрарыстаў можа расьцягнуцца на гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG