Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНАТ ЗША ПРЫНЯЎ ЗАКОН У СПРАВЕ БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, як успрыняты амэрыканцамі новы закон?”

(Навумчык: ) “Алена, ён успрыняты як доўгачаканы, але – з дваістымі пачуцьцямі. Найперш варта сказаць, што новы закон тычыцца ня толькі спэцслужбаў, ён значна шырэйшы і закранае шмат якія палажэньні ў галіне і фінансавага, і эміграцыйнага права. Напрыклад, больш жорсткімі робяцца патрабаваньні да замежных банкаў – калі нейкі банк адмаўляецца даць сьледчым ворганам інфармацыю пра кліентаў, якіх падазраюць у тэрарызме, амэрыканскім банкам і фірмам можа быць забаронена мець з такім банкам стасункі. Гэта даволі сур’ёзная мера, якая з улікам пазыцыяў ЗША на ўсясьветным фінансавым рынку здольная паставіць такі банк на мяжу краху. Ці, напрыклад, цяпер можна будзе затрымліваць без вылучэньня абвінавачаньняў да сямі дзён, а калі паўторна – дык да шасьці месяцаў. Паліцыі і ФБР дазваляецца праводзіць патаемны ператрус у кватэрых тых, каго падазраюць у тэрарызме, але, натуральна, толькі з дазволу судзьдзі.

Гэты закон абмяркоўваўся ў амэрыканскім грамадзстве. Шмат хто, калі знаёміўся з пазыцыямі новага закону, выказваў зьдзіўленьне. Аказваецца, да сёньняшняга дня паліцыя, ФБР ды іншыя спэцслужбы, каб праслухоўваць нейкага чалавека, павінны былі браць дазвол у судзьдзі на кожны тэлефон, па якім ён мог званіць. Напрыклад, калі быў дазвол на праслухоўваньне хатняга тэлефону – гэта не азначала, што можна праслухоўваць і працоўны ці мабільны. Для тэрарыстаў, якія апэруюць сумамі зь пяцью-шасьцю нулямі, не было праблемы штодня мяняць мабільныя тэлефоны. І цяпер шмат якія амэрыканцв задаюць слушнае пытаньне: няўжо дзеля таго, каб зразумець элемэнтарнае, трэба было прайсьці праз такія ахвяры?”

(Ціхановіч: ) “Сяргей, а як наконт таго, што нібыта ў ЗША пачалі абмяркоўваць ледзь не магчымасьць прымяненьня катаваньняў да тых, каго падазраюць у тэрарызме?”

(Навумчык: ) “Алена, інфармацыя пра гэта сапраўды днямі зьявілася шмат дзе, магчыма, падставаю была заява ананімнага супрацоўніка ФБР, што тыя дзясяткі арыштаваных, якіх падазраюць у дачыненьні да тэрактаў 11 верасьня, не выдаюць сьледчым абсалютна ніякай інфармацыі. У ЗША ёсьць такое паняцьце – супрацоўніцтва са сьледствам. Калі арыштаваны прызнае віну, дапамагае сьледзтву, яму могуць скараціць тэрмін зьняволеньня. Калі ж чалавек выдае інфармацыю пра асабліва небясьпечных злачынцаў, дапамагае прадухіліць злачынства – можа быць прымененая праграма абароны сьведкаў, калі чалавеку зьменяць прозьвішча, нават часам зьнешнасьць, перакінуць з сям’ёй у іншы штат, дадуць працу, дадуць грошы на першы час. Дык вось на ісьлямскіх радыкальных фанатыкаў такія прапановы абсалютна ня дзейнічаюць. У сьледчых няма мэтадаў, з дапамогай якіх яны маглі б “развязаць языкі”, і сапраўды, некаторыя пачалі казаць, што ці ня варта было б прымяніць (не, не катаваньні, пра гэта гаворка не ідзе) — але нейкія мэдычныя прэпараты, якія разьвязваюць чалавеку язык. Ці – перадаць падсьледных у Ізраіль альбо ў Францыю, дзе традыцыі сьледзтва менш гуманныя, скажам гэтак. Але сумнеўна, каб амэрыканскае правасудзьдзе, якое базуецца на прыярытэтах правоў чалавека, пайшло на такое. Бясспрэчна, аднак, што у такіх вось выпадках прыярытэты правоў тэрарыстаў уступаюць у супячрэчнасьць з правамі тысяч ці нават мільёнаў законапаслухмяных грамадзянаў. І выглядае, што гэтую праблему амэрыканскай юрыспрудэнцыі прыйдзецца вырашаць”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, гэта – у пэрспэктыве, а што сёньня адбываецца ў ЗША? Якая сытуацыя зь вірусам сыбірскай язвы?”

(Навумчык: ) “Бактэрыя антраксу знойдзеная ў супрацоўніка паштовага адзьзяленьня, якое абслугоўвае дзяржаўны дэпартамант ЗША, супрацоўнік шпіталізаваны. Наогул, у апошнія дні прафсаюз паштовых работнікаў выступіў з шэрагам заяваў, у якіх патрабуе ад ураду забясьпечыць паштавікоў антыбіётыкамі і спосабамі абароны. Фэдэральны паштовы дэпартамэнт ужо цяпер гатовы раздаць маскі і пальчаткі васьмістам тысячам супрацоўнікаў пошты. Колькасьць жа амэрыканцаў, якія прымаюць антыбіётыкі ад сыбірскай язвы, набліжаецца да ста тысячаў. Усяго ў ЗША цяпер 13 інфікаваных на антракс, тры чалавекі – памерлі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG