Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ ВАЙНА СУПРАЦЬ ГАНДЛЯРОЎ ПАЧАЛАСЯ Ў МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё работніца аднаго з шапікаў Анжэла:

(Анжэла: ) "Учора мы даведаліся, што нашы шапікі зьбіраюцца зьнесьці, паказалі пастанову ад 25 кастрычніка. Інакш кажучы, у той жа дзень нашых шапікаў мусіла ня быць. Далі падпісаць дакумэнты і ўсё".

Знос шапікаў, відавочна, пагоршыць прывакзальны сэрвіс. У прыватнасьці, мяркуюць зьнесьці гандлёвыя кропкі "Экспрэс-кавярня". Пасажыры Беларускай чыгункі, якія выпраўляюцца ў дарогу, будуць, паводле словаў гандляроў, пазбаўленыя магчымасьці набыць у дарогу ежу.

Апроч таго, паводле словаў прадавачкі Анжэлы, у выпадку выкананьня рашэньня ёй пагражае беспрацоўе. Як высьветлілася, беспрацоўе пагражае яшчэ 150 асобам, што працуюць па найму ў прадпрымальнікаў на Прывакзальнай плошчы. Яшчэ большай нечаканасьцю прадпісаньне раённых уладаў стала для 30 прадпрымальнікаў, якія займаюцца тут гандлёвым бізнэсам. Адзін зь іх, Вячаслаў Качаргін, зазначыў на гэты конт наступнае:

(Качаргін: ) "Адным рашэньнем усіх безапэляцыйна, безальтэрнатыўна выкідаюць. У мяне наагул цяжкі выпадак. Толькі што быў закончаны праект з гарадзкой архітэктурай. Я пабудаваўся, правёў рэкляму. Адпрацаваў усяго 20 дзён, і нас гэткім чынам зачыняюць. Гэта каштавала грошай. Гаворка ідзе не пра палаткі, а пра стацыянарныя кропкі ды павільёны. Гэта даволі сур'ёзныя грошы".

Калі прадпісаньня ня выканаюць, вэртыкаль прыгразіла скасаваць ліцэнзіі прадпрымальнікаў на гандлёвую дзейнасьць. Як вядома, сёньня на паседжаньні так званага Нацыянальнага сходу міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў паабяцаў рэфармаваць сфэру ліцэнзаваньня. Паводле словаў міністра, пералік відаў дзейнасьці, на якія будуць выдаваць ліцэнзіі, мяркуецца скараціць у чатыры разы.

Аднак беларускія прадпрымальнікі рэагуюць на гэтае абяцаньне скептычна. Рэч у тым, што ўлады маюць шмат іншых рычагоў ціску на недзяржаўны сэктар. У прыватнасьці, захады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў дзеля абароны бізнэсоўцаў з Прывакзальнай плошчы пакуль што ня мелі плёну. На думку прэзыдэнта гэтага саюзу Аляксандра Патупы, гандлёвая дзейнасьць у краіне наогул не павінна ліцэнзавацца.


XS
SM
MD
LG