Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЬ У КУРАПАТАХ ВЫРАШЫЛА СТВАРЫЦЬ СВОЙ АРГКАМІТЭТ АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Як сёньня, напярэдадні нядзельнага мітынгу, выглядаюць Курапаты?”

(Соусь: ) “Добраўпарадкаваньне Курапатаў працягваецца і зараз. Сёньня сябры КХП БНФ працавалі на пагорку. Сёньня ж яны зноў майстравалі крыжы, я бачыла, як выконваючы абавязкі старшыні партыі Сяргей Папкоў працаваў сякерай. Ён гэта вельмі спрытна робіць, і яго калегі кажуць, што ён можа зрабіць вялікі крыж за 40 хвілін – гэтак яго некалкі навучыў бацька. На думку сяброў КХП БНФ, у нядзельным шэсьці возьмуць удзел каля 1000 чалавек. Гэта будуць ня толькі сябры КХП БНФ, але і сябры Беларускай партыі свабоды, руху Зубар, Маладога Фронту, прыедуць таксама людзі з рэгіёнаў.

Сёньня ў Курапатах сябры моладзевых арганізацыяў, якія ўжо больш за месяц вартуюць Курапаты, абмяркоўвалі ідэю стварэньня свайго ўласнага аргкамітэту ў абарону Курапатаў. Яны незадаволеныя тым, як цяпер актывісты грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” вядуць перамовы з уладамі”.

(Ціхановіч: ) “Чым менавіта яны не задаволеныя?”

(Соусь: ) “Я гэтае пытаньне пераадрасоўваю сябру БПС Алесю Гетману”.

(Ціхановіч: ) “Зь якой прычыны вы хочаце стварыць свой уласны аргкамітэт і ці ня лічыце вы, што гэта можа пашкодзіць ідэі абароны мэмарыялу?”

(Гетман: ) “Мы не спрабуем стварыць раскол паміж партыямі і групамі, якія ўваходзяць у камітэт. Справа ў тым, што ў нас да іх няма даверу, бо яны зьявіліся тут пару разоў і да таго ж яны заклікалі нас сысьці і не бараніць Курапатаў. Таму моладзь і партыя КХП БНФ вырашылі стварыць свой аргкамітэт, які ўвесь час знаходзіцца ў Курапатах, а не засядае недзе за круглымі сталамі… які ўсё на месцы будзе вырашаць”.

(Ціхановіч: ) “Гэта азначае, што вы ня пойдзеце на ніякі кампраміс і што вы не дапусьціце, каб кальцавая дарога прайшла праз Курапаты?”

(Гетман: ) “Мы ў ніякім выпадку не дапусьцім, каб дарога прайшла праз Курапаты. Адзін кампраміс для нас – гэта каб дарога пайшла ў абход Курапатаў”.

(Соусь: ) “Дадам яшчэ, што будаўніцтва кальцавой дарогі працягваецца і з кожным днём набліжаецца да Курапатаў. Разьлічваюць, відаць, на тое, што стане холадна і людзі доўга тут ня высядзяць. Апрача таго, калі ўсё будзе зроблена, і застанецца толькі невялікі кавалак ля Курапатаў, дык нічога не застанецца, як пачаць працаваць і на ім”.

XS
SM
MD
LG