Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭМЮЭЛ ГАНТЫНГТАН: МЫ МАЕМ СПРАВУ З РОЗНЫМІ ІСЬЛЯМСКІМІ ГРУПАМІ, ЯКІЯ СУПЕРНІЧАЮЦЬ МІЖ САБОЙ


Сяргей Шупа, Прага

(Карэспандэнт: ) “Ці адбываецца сёньня канфлікт цывілізацыяў, пра які вы папярэджвалі ў вашай славутай кнізе?”

(Гантынгтан: ) “Відавочна, Усама бін Лядэн хацеў бы, каб гэта выглядала як цывілізацыйны канфлікт паміж Ісьлямам і Захадам. Цяпер галоўны прыярытэт амэрыканскага ўраду якраз і палягае ў тым, каб гэтага ня сталася. Аднак ёсьць небясьпека, што ўсё можа рухацца якраз у гэтым напрамку. Адміністрацыя вельмі слушна робіць, што імкнецца заручыцца падтрымкай мусульманскіх краінаў. Праўда, у Злучаных Штатах чуюцца патрабаваньні атакаваць іншыя тэрарыстычныя групы і краіны, што іх падтрымваюць. І гэта магло б пашырыць цяперашнюю кампанію да канфлікту цывілізацыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьдзівіла Вас, што тэрарысты былі адукаваныя прадстаўнікі сярэдняй клясы?”

(Гантынгтан: ) “Не, не зьдзівіла. Людзі, якія ўдзельнічаюць у фундамэнталісцкіх рухах – ісьлямскіх ды іншых, – звычайна бываюць высокаадукаваныя. Ня ўсе яны, вядома ж, становяцца тэрарыстамі. Гэта разумныя, амбітныя маладыя людзі, якія спрабуюць ужыць свае веды ў сучасным эканамічна разьвітым сьвеце. Іх расчароўвае адсутнасьць працы, адсутнасьць магчымасьцяў. Яны таксама адчуваюць ціск глябалізацыі, таго, што яны называюць заходнім імпэрыялізмам і культурнай дамінацыяй”.

(Карэспандэнт: ) “Вы пісалі, што «ісьлям мае крывавыя межы». Што Вы мелі на ўвазе?”

(Гантынгтан: ) “Калі паглядзець на межы ісьлямскага сьвету, можна заўважыць цэлую сэрыю лякальных канфліктаў з удзелам мусульманаў і немусульманаў: Босьнія, Косава, Каўказ, Чачэнія, Таджыкістан, Кашмір, Індыя, Інданэзія, Філіпіны, Паўночная Афрыка, канфлікт паміж Ізраілем і палестынцамі. Мусульмане ваююць і з мусульманамі, і прытым значна болей, чым людзі іншых цывілізацыяў між сабою”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна тады сказаць, што Ісьлям спрыяе гвалту?”

(Гантынгтан: ) “Я ня думаю, што Ісьлям – больш гвалтоўная рэлігія, чым якія іншыя. Думаю, што калі ўсё падлічыць, дык выявіцца, што за ўсю гісторыю хрысьціяне забілі больш людзей, чым мусульмане. Аднак галоўны фактар тут – дэмаграфічны. Агулам кажучы, людзі, што йдуць і забіваюць іншых – гэта пераважна мужчыны ад 16 да 30 гадоў. У 60-80 гадох ХХ стагодзьдзя нараджальнасьць у мусульманскім сьвеце была вельмі высокая, што стварыла перавагу моладзі ў агульнай структуры насельніцтва. Аднак нараджальнасьць сярод мусульманаў падае, у некаторых краінах вельмі істотна. Праўда, Ісьлям напачатку пашыраўся агнём і мячом, але я не лічу, што ў ісьлямскай тэалёгіі закладзены гвалт. Ісьлям, як і любую вялікую рэлігію, можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Людзі накшталт бін Лядэна могуць спаслацца на нейкія месцы ў Каране як на каманды да забойства няверных. Аднак тое самае рабілі і рымскія папы, калі абвяшчалі Крыжовыя выправы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці варта Злучаным Штатам рабіць нешта большае для пашырэньня дэмакратыі і правоў чалавека на Блізкім Усходзе?”

(Гантынгтан: ) “Было б пажадана, але гэта вельмі цяжка. У ісьлямскім сьвеце ёсьць натуральная тэндэнцыя супраціўляцца заходняму ўплыву, што можна зразумець, улічваючы даўнюю гісторыю канфлікту паміж Ісьлямам і заходняй цывілізацыяй. Відавочна, у кожным мусульманскім грамадзтве ёсьць групы, якія выступаюць у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека, і Амэрыка мусіць падтрымваць гэтыя групы. Але тады ствараецца парадаксальная сытуацыя: бальшыня групаў, якія выступаюць супраць рэпрэсіяў у гэтых грамадзтвах – варожыя да Амэрыкі фундамэнталісты. Мы назіралі гэта ў Альжыры. Пашырэньне дэмакратыі і правоў чалавека – вельмі важная мэта Злучаных Штатаў, але яны маюць і іншыя інтарэсы. Так, прыкладам, нікому не прыходзіла ў галаву патрабаваць павагі да правоў чалавека ў Савудаўскай Арабіі – зь відавочных палітычных прычынаў”.

(Карэспандэнт: ) “Найчасьцей на Ваш адрас чуецца крытыка, што Вы падаеце асобныя цывілізацыі як суцэльныя блёкі…”

(Гантынгтан: ) “Гэта зусім ня так. Галоўны разьдзел пра Ісьлям у маёй кнізе называецца «Сьвядомасьць без узаемадзеяньня», дзе я кажу пра ўсе падзелы ў ісьлямскім сьвеце, пра войны мусульманаў з мусульманамі. Нават і ў цяперашнім крызысе яны глыбока падзеленыя. Гэта мільярд людзей, з усімі субкультурамі, пляменнымі падзеламі. Ісьлям менш кансалідаваны, чым якая іншая цывілізацыя. Праблему Ісьляму можна праілюстраваць выказваньнем Генры Кісынджэра пра Эўропу: «Калі я хачу патэлефанаваць у Эўропу – які мне нумар набіраць?» Калі вы хочаце патэлефанаваць у ісьлямскі сьвет – які нумар набіраць? Ісьлям, магчыма, і стварае праблемы, бо ён менш аднародны. Калі б у ісьлямскім сьвеце была нейкая дамінуючая сіла, мы б мелі справу зь ёй. А так мы маем справу з паасобнымі ісьлямскімі групамі, якія супернічаюць між сабою”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG