Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАМЕЖНІКІ ПА-РАНЕЙШАМУ ЧАКАЮЦЬ НАПАДУ З ЗАХАДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Зусім нядаўна, на буйнамаштабных вучэньнях "Нёман-2001", памежнікі змагаліся з умоўным варожым палком, які перайшоў мяжу, і з партызанскімі атрадамі з прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Тыя нацменшасьці прыйшлі, нібыта, з польскай і літоўскай тэрыторыяў.

Цяпер падобныя вучэньні паўтарыліся. Салдаты 3-й заставы, што на беларуска-польскай мяжы, абараняліся ў акопах ад банды. Потым адбыліся баявыя стрэльбы. Хаця ўзброеныя бандыты яшчэ ніколі з заходняй мяжы не нападалі.

Напраўду памежнікам даводзіцца змагацца толькі зь нелегальнымі мігрантамі з азіяцкіх краінаў і з арганізаванымі групамі, якія займаюцца перапраўкай нелегалаў празь беларуска-польскую мяжу і беларуска-літоўскую. Парушальнікі мяжы ідуць не з захаду, а наадварот, з краіны. А значыцца, памежнікі зьвяртаюць менш увагі на сапраўдную пагрозу — пагатоў, што ўсходняя мяжа ніяк не ахоўваецца.

Пакуль, зрэшты, групоўкі, якія наладжваюць пераход мяжы нелегаламі, не выкарыстоўваюць зброю. Але камандаваньне памежніцкіх злучэньняў усьведамляе, што праблема нелегальнай міграцыі паглыбляецца, асабліва пасьля апошніх падзеяў у Афганістане. Праўда, памежнікі лічаць, што даволі пасьпяхова спыняюць спробы наладзіць новыя каналы для перакідкі ўцекачоў на Захад. Хаця вядома, што за апошнія месяц-паўтара значна павялічылася колькасьць нелегалаў у суседняй Літве, куды яны звычайна трапляюць менавіта зь Беларусі.

Пільнасьць нашых памежнікаў, накіраваная на захад, атрымала незвычайнае тлумачэньне ў газэце "Вечерний Гродно", першым заснавальнікам якой зьяўляецца гарвыканкам. У ёй гаворыцца, што памежнікі чакаюць новай навалы ўцекачоў ня толькі з усходу, але і з адваротнага кірунку. Бо палякі пачынаюць рашуча змагацца зь нелегаламі, якіх будуць актыўна выдаляць з краіны. Адсюль робіцца выснова, што "гарадзенскія памежнікі знаходзяцца ў стане падвышанай гатовасьці і асаблівыя надзеі ўскладаюць на незаменныя драцяныя загароды, якія прыкрываюць наш заходні кардон".

У рэчаіснасьці ніхто не пагоніць людзей на калючы дрот. Калі будзе даведзена, што нелегалы прыбылі ў Польшчу зь беларускай тэрыторыі, палякі пасадзяць іх у цягнік і перададуць нашым памежнікам. Ва ўсякім разе, гэтак рабілі дагэтуль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG