Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ЗМАГАРОЎ РУХУ СУПРАЦІВУ


Ягор Маёрчык, Менск

Мітынг арганізавалі прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў, якія дамагаюцца, каб улады прызналі, што адной з пакараных была габрэйская дзяўчына Маша Брускіна, бо яе дагэтуль падаюць як "невядомую".

Мітынг, наладжаны Саюзам беларускіх габрэйскіх аб'яднаньняў і суполак, распачаўся а 13-й гадзіне. Менавіта ў гэты самы час 60 гадоў таму ля брамы Менскага дражджавога заводу фашысты павесілі трох удзельнікаў руху падпольля — Кірылу Труса, Уладзімера Шчарбацэвіча і Машу Брускіну.

На сёньняшняй жалобнай імпрэзе выступоўцы казалі пераважна пра гістарычную значнасьць таго, што адбылося. Гэта было першае публічнае пакараньне-запалохваньне падчас Вялікай айчыннай вайны. Згаданыя падзеі фігуравалі на Нюрнбэргскім працэсе як прыклад злачынстваў фашыстаў.

Яшчэ пры савецкай уладзе ля прахадной заводу ўсталявалі памятную дошку. Аднак на ёй пазначылі толькі імёны Кірыла Труса і Ўладзімера Шчарбацэвіча. Машу Брускіну згадалі як невядомую дзяўчыну. Віцэ-прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх аб'яднаньняў і суполак гісторык Якаў Басін зьвязвае пазыцыю тагачасных уладаў з праблемамі ў дачыненьнях СССР і Ізраіля.

Але імя Брускінай афіцыйна не аднавілі нават за часам незалежнасьці Беларусі. Спадар Басін бачыць ў гэтым палітычны падтэкст:

(Басін: ) "У беларускай гістарычнай навуцы ідзе замоўчваньне ролі габрэяў. Сытуацыя вакол аднаўленьня імя Машы Брускінай — гэта адзін з аспэктаў праблемы. Ня мы яе стварылі. Мы жывем на гэтай зямлі сем стагодзьдзяў і сапраўды пакінулі тут вялікі сьлед. Але, на жаль, дагэтуль ёсьць людзі, якія б не хацелі, каб гэтыя факты засталіся гісторыі й нашым нашчадкам".

Якаў Басін кажа, што Маша Брускіна зьўляецца гонарам габрэйскага народу. Ейнае імя носяць вуліцы ў Нью-Ёрку і Ерусаліме, а ў Тэль-Авіве ёй усталявалі помнік. Удзельнікі мітынгу спадзяюцца, што блізкім часам гістарычную справядлівасьць адновяць і ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG