Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛІН ПАЎЭЛ ЗАЯВІЎ, ШТО РАСЕЯ МОЖА ЗЬМЯКЧЫЦЬ ПАЗЫЦЫЮ АДНОСНА ПАШЫРЭНЬНЯ НАТО


Віталь Цыганкоў, Прага

Дзяржаскратар ЗША Колін Паўэл сьцьвярджае, што пакуль Расея ўсё яшчэ выказвае заклапочанасьць пашырэньнем НАТО. Аднак Паўэл адчувае, што гэтая занепакоенасьць можа зьменшыцца. Выступаючы 25 кастрычніка на слуханьнях ў сэнацкім зьнешнепалітычным камітэце, Паўэл сказаў:

(Паўэл: ) “Я думаю, расейцы ўсё яшчэ маюць некаторую заклапочанасьць наконт пашырэньня НАТО, але я адчуваю, што гэтая заклапочанасьць нашмат меншая, чым была ўсяго некалькі месяцаў таму. І я думаю, яны шукаюць шлях, як сумясьціць сябе з НАТО, калі неабавязкова станавіцца сябрам менавіта зараз, альбо ў будучыні, – аднак мець лепшыя стасункі з НАТО, знаходзячы нейкі спосаб сувязі з альянсам, ня будучы часткай НАТО”.

У наступным годзе НАТО будзе вырашаць, ці прымаць новых сябраў. Літва, Латвія і Эстонія сярод тых, хто найчасьцей называюцца ў якасьці першых кандыдатаў на ўступленьне ў альянс.

Расея раней востра пярэчыла супраць магчымасьці ўступленьня ў НАТО балтыйскіх краінаў. Колін Паўэл, аднак, сьцьвярджае, што калі Расея будзе мець больш шчыльныя дачыненьні з НАТО, Масква можа вітаць ідэю прыняцьця ў яльянс новых краінаў.

Колін Паўэл паведаміў, што ён абмяркоўваў зь міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым той факт, што цяпер Расея мае больш дружалюбныя стасункі з Польшчай, Вугоршчынай і Чэхіяй, чым тады, калі гэтыя краіны былі ўдзельніцамі Варшаўскага пакту. Гэтыя тры дзяржавы былі прынятыя ў НАТО два гады таму. “Ясна, Пуцін разумее, што будучыня Расеі галоўным чынам палягае з Захадам”, – адзначыў Паўэл.

Відавочна, турбуючыся наконт рэакцыі Расеі, ЗША вырашылі ўстрымацца ад чарговых выпрабаваньняў новай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, каб не парушаць Дамову па Супрацьпаветранай абароне (СПА) 1972 году. Вось што кажа на гэты конт міністр абароны ЗША Дональд Рамсфэльд


(Рамсфэльд: ) “Мы сказалі, што ня будзем парушаць Дамову аб СПА, пакуль яна застаецца ў сіле. Апошнімі днямі, каб не дапушчаць меркаваньняў, што мы можам парушыць нашыя забавязаньні, мы дабраахвотна ўстрымліваемся ад выпрабаваньняў нашай праграмы абароны аб балістычных ракет”.

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Пэнтагоне, Дональд Рамсфэльд адзначыў, што Вашынгтон працягвае кансультацыі з Масквой наконт дамовы 1972 году. Хаця ЗША лічаць гэтую дамову састарэлым перажыткам халоднай вайны, Рамсфэльд паведаміў, што Злучаныя Штаты ўстрымліваюцца ад заплянаваных выпрабаваньняў, якія могуць разглядацца як парушэньне дамовы.

XS
SM
MD
LG