Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЛАВЕК 42 ГАДЫ СЛУХАЎ СВАБОДУ І НІЧОГА НЕ ЗРАЗУМЕЎ…


Валянцін Жданко, Менск

У сёньняшняй праграме прагучыць толькі адзін ліст — гэта ліст былога марака Казіміра Нарковіча зь Берасьця, дасланага на адрас нашай праскай рэдакцыі. Допіс гэты аб'ёмісты і надам я яму болей увагі, чым звычайна, зважаючы на тое, што спадар Нарковіч пастаянна слухае Свабоду ўжо 42 гады. Да таго ж многія ягоныя пытаньні, заўвагі і абвінавачаньні ў той ці іншай форме сустракаюцца ў нашай пошце часта, а спадар Нарковіч выказаў іх у найбольш тыповым і абагуленым выглядзе.

Такім чынам, Казімір Нарковіч піша:

"Я 26 год хадзіў на розных караблях — быў начальнікам радыёстанцыяў і інжынэрам-радыёнавігатарам. Штодня праслухоўваў вашы радыёчастоты, па галасах ведаў і ведаю ўсіх вашых супрацоўнікаў...

Ніколі ні ад каго не хаваў, што слухаў галасы заходніх краінаў. Я ахвотна дзяліўся зь іншымі атрыманай ад вас інфармацыяй. Ніколі і ніхто мяне за гэта не перасьледаваў. Праграмы вашыя былі цікавыя, вострыя, зьмястоўныя. Адчувалася павага да слухача, высокая культура вяшчаньня, не было штампаў і пустой рэклямы. Не з усімі матэрыяламі можна было пагаджацца, ня ўсё ўспрымалася станоўча, але цікавасьць выклікала. Але тое было раней.

Цяпер слухаць няма чаго. Суцэльная, так бы мовіць, "чарнуха", бруд, паклёп. Ні Расея, ні Беларусь, ні іншыя постсавецкія рэспублікі не вядуць ні падрыўной, ні ідэалягічнай работы супраць заходніх краінаў — наадварот, захапляюцца посьпехамі Захаду. А з вашага голасу Свабоды на адрас Расеі і Беларусі падаецца толькі нэгатыў. І з году ў год ён толькі нарастае.

І застаецца цяжкі асадак у сьвядомасьці. Ну, так усё дрэнна з пункту гледжаньня Свабоды — паўсюль абвал, голад, неразьбярыха, няма свабоды, парушаюцца правы. І слухачу, які возьме гэтую інфармацыю на веру — цяжка, хоць кладзіся ды памірай", — спыню на гэтым цытаваньне ліста Казіміра Нарковіча зь Берасьця дзеля некалькіх заўвагаў.

Я з даверам стаўлюся да вашых сьведчаньняў, спадар Нарковіч, і ўсё ж у сувязі з прачытаным у мяне ўзьнікаюць пытаньні. Вось вы пішаце, што за савецкім часам ніколі ні ад каго не хавалі, што слухалі Свабоду, нават абмяркоўвалі пачутае, і разам з гэтым вам свабодна дазвалялі плаваць па сьвеце.

Я згадаў, як за саветамі аднаго разу наважыўся трапіць за мяжу — у сацыялістычную жыўкаўскую Баўгарыю, якую тады ў СССР лічылі ледзь не 16-й саюзнай рэспублікай. Дзеля гэтага давялося два тыдні хадзіць па кабінэтах райкамаў і абкамаў. Без рашэньня бюро райкаму камсамолу і зацьвярджэньня сакратаром райкаму партыі па ідэалёгіі паехаць на дзесяць дзён у Варну было немагчыма.

Найменшы сумнеў ідэоляга ў палітычнай ляяльнасьці адразу б стаў падставай для адмовы ў дазволе. Упэўнены, калі б яму стала вядома, што я таемна слухаю Свабоду, ня тое што ў Баўгарыю паехаць — мне б нават у Беларусі працаваць у раённай газэце не дазволілі б. І гэта было ўжо на пачатку гарбачоўскай перабудовы.

Ну, але, магчыма, вам проста выключна пашанцавала на наглядчыкаў.

У мяне не такі багаты, як у вас, досьвед слуханьня Свабоды, але я таксама ў 1970 і 1980-я гады спрабаваў лавіць яе голас праз шум глушылак. Мне дзіўна чытаць вашыя сьцьвярджэньні пра тое, што вось, маўляў, тады Свабода была вострай, цікавай і зьмястоўнай, а цяпер стала "падрыўной", пачала "ліць бруд" і "ўзводзіць паклёп". Адзначу, што дакладна гэтыя ж абвінавачаньні і нават гэтую ж лексыку ўжывалі дзеля абвінавачаньня Свабоды таго пэрыяду камуністычныя ідэолягі.

Свабода засталася той жа, яна адстойвае тыя ж прынцыпы свабоды асобы і тыя ж ідэалы свабоднага распаўсюду праўдзівай інфармацыі. Проста, відаць, зьмяніліся вы, спадар Нарковіч.

"Навошта вы так шмат часу надаяце цяжкім гадам савецкай улады? — папракае нас слухач. — Гэта ўсё і так даўно і добра вядома. Параўноўваеце савецкі лад з фашызмам, але ніколі не гаворыце пра злачынствы амэрыканскага імпэрыялізму супраць чалавецтва. Раскажыце нам, слухачам Свабоды, як таемна распрацоўваліся атамныя бомбы, як бамбавалі Хірасіму і Нагасакі. А злачынствы амэрыканцаў у Віетнаме? Злучаныя Штаты гэтак жа, як і гітлераўская Нямеччына, хацелі завалодаць сьветам. Яны першыя стварылі атамную зброю, пабудавалі атамныя падлодкі, стварылі вялізную колькасьць вайсковых базаў у сьвеце.

Я шмат разоў быў у Бразіліі, Чылі, Мэксыцы, Аргентыне. Заўсёды зьдзіўляў кантраст у жыцьці людзей у гэтых краінах — раскоша адных і жабрацтва другіх. І на мае пытаньні: чаму людзі ў вас жывуць так кепска — я заўсёды чуў адзін адказ: "Бо янкі жывуць добра..." Крыніца багацьця ЗША — драпежніцкая палітыка. І калі нашы дэмакраты кажуць, што Амэрыка і Захад дапамогуць, я іх пытаю: "Чаму яны не дапамогуць тым бедным краінам, якія разьмешчаныя побач зь імі?"

Ёсьць, спадар Нарковіч, прынцыповая прычына таго, што мы часта зьвяртаемся да пэрыяду савецкай гісторыі і, насуперак вашым пажаданьням, не замяняем гэтыя тэмы іншымі — у тым ліку гісторыяй амэрыканскай. Семдзесят гадоў людзі ў Савецкім Саюзе былі пазбаўленыя праўды пра сваю гісторыю і паўсядзённасьць. І гэта ў СССР, а не ў Амэрыцы, былі Курапаты і Катынь, мільёны палітвязьняў, вынішчанае сялянства, ГУЛАГ, узарваныя храмы, "псыхушкі" для іншадумцаў, адсутнасьць права чалавека на свабоду выбару, свабоду слова, свабоду перамяшчэньня...

Так, у гісторыі Злучаных Штатаў былі моманты драматычныя — у тым ліку тыя, пра якія вы згадваеце. Але амэрыканцы заўсёды ведалі пра іх праўду, мелі магчымасьць свабодна выказваюць сваю нязгоду з палітыкай ураду і ўрэшце ўплываць на гэтую палітыку праз свабодныя выбары.

Наконт вашых заўвагаў пра сацыяльную няроўнасьць у краінах "трэцяга сьвету" і вашыя абвінавачаньні ў сувязі з гэтым на адрас ЗША. Сацыяльная няроўнасьць існавала заўсёды. Яна ёсьць у Злучаных Штатах і была ў Савецкім Саюзе, які абвясьціў, што яе скасаваў. Гэтак сама існуе вялікая розьніца ва ўзроўнях разьвіцьця краінаў. Зноў жа, існавала яна задоўга да таго, як у канцы XVIII-га стагодзьдзя зьявіліся на мапе Злучаныя Штаты.

Гэта асобная вялікая тэма — аналізаваць прычыны посьпеху адных дзяржаваў і заняпаду іншых. Я назаву толькі адну — відавочную для многіх, хто назіраў, як людзі ў Злучаных Штатах ставяцца да сваёй працы і колькі яны працуюць. Назіраньні гэтыя не на карысьць многіх іншых краінаў, у тым ліку і тых, якія вы спадар Нарковіч, называеце ў сваім лісьце. Дык вось, сёньняшні дабрабыт амэрыканцаў аплочаны найперш цяжкой працай многіх папярэдніх пакаленьняў грамадзянаў ЗША, якія больш як дзьвесьце год таму пачыналі будаваць сваю краіну па сутнасьці з нуля. І гэта паказальны прыклад для многіх іншых краінаў і народаў.

Яшчэ адна, апошняя, цытата зь ліста Казіміра Нарковіча зь Берасьця, які мы абмяркоўваем у сёньняшнім аглядзе пошты Свабоды. Ён піша:

"Беларуская праграма Свабоды сваім паклёпам і зьнявагамі на адрас Аляксандра Лукашэнкі проста абалваньвае слухачоў. Я ўжо 13 гадоў жыву ў Беларусі, у мяне шмат сяброў і сваякоў тут, а таксама ў Польшчы і Літве. І мяне насьцярожвае гэты вялізны ціск і хлусьня, што гучаць па беларускай Свабодзе.

Аляксандар Лукашэнка абраў правільную стратэгію — на збліжэньне з Расеяй і саюз зь ёй. Зь яго дапамогай і ўдзелам пабудавана і абноўлена шмат цэркваў, палацаў спорту, школаў і шпіталяў. Адноўлены і мадэрнізаваны шэраг вядучых заводаў. Ягоны пільны кантроль за сельскай гаспадаркай прыносіць плён. Ён напрацаваў добрую базу для далейшага паляпшэньня матэрыяльнага ўзроўню рэспублікі.

І зьдзіўляе нас, слухачоў Свабоды, што вы ахвотна даяце мікрафон усім праціўнікам Лукашэнкі, але ніколі ні разу не запрасілі яго самога і не далі яму слова.

Беларускі народ ня будзе прыніжацца перад Захадам і ня будзе сьлепа выконваць чужыя рэцэпты. Ня трэба нас вучыць, як жыць, каго і як выбіраць.

А на заканчэньне хачу вам параіць — пераключыце вы сваю працу на што-небудзь іншае — чыстае, сьветлае, добрае. Ёсьць жа столькі яшчэ праблемаў у сьвеце, якія трэба тэрмінова вырашаць усім разам — расейцам, беларусам, амэрыканцам..."

Заклік вельмі заманлівы, спадар Нарковіч. "Чыстае, сьветлае, добрае" — каму гэтага ня хочацца? Ня проста заклікаў, але ў прымусовым парадку патрабаваў запаўняць эфір дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё напярэдадні выбараў выключна "чыстым і сьветлым" былы ідэалягічны наглядчык з адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін. Думаю, вынікі гэтага вы заўважылі.

Але калі ў эфіры толькі "чыстае і сьветлае", а ў рэальным жыцьці — і зьнявагі, і прыніжэньні, і гвалт над асобай, і занядбаная эканоміка, і жабрацкія заробкі — значыць, краіна вярнулася ў мінулае. У тое самае, калі вы, спадар Нарковіч, слухалі Свабоду з прагай і асалодай, бо іншых крыніцаў аб'ектыўнай інфармацыі ў СССР не было. Дзеля таго, каб Беларусь не вярнулася у тое мінулае, мы і ня можам прыняць вашую прапанову толькі пра "чыстае і сьветлае" ў нашым эфіры.

А што да Аляксандра Лукашэнкі, то голас ягоны на хвалях Свабоды гучыць ня так і рэдка, спадар Нарковіч. Іншая рэч, што нашыя прапановы наконт адмысловага інтэрвію для Свабоды (а такія прапановы, насуперак вашым цьверджэньням, былі) Аляксандар Лукашэнка не прымае. Хоць у 1994-м годзе, напярэдадні першых і адзіных у Беларусі свабодных прэзыдэнцкіх выбараў такой магчымасьцю ён карыстаўся часта.

Нагадаю, у сёньняшнім аглядзе пошты гучаў ліст былога марака зь Берасьця Казіміра Нарковіча, які слухае Свабоду ўжо 42 гады і лічыць, што яна займае няправільную пазыцыю ў асьвятленьні падзеяў у Беларусі і Расеі.

Дзякуй, спадар Нарковіч, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG