Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ НАД КУРАПАТАМІ


Ганна Соусь, Менск

Нацыянальны сьцяг правісеў некалькі гадзінаў. Яго зьнялі камунальныя службы. Акрамя сьцяга, сёньня на сьценах дамоў побач з урочышчам зьявіліся надпісы ў абарону мэмарыялу Курапаты.

З самага ранку ў лягер валанцёраў пачалі прыходзіць людзі. Мая суразмоўніца — пэнсіянэрка Ніна Самухіна, у свой час яна пакутавала і ў сталінскіх, і ў фашыстоўскіх лягерах. Учора Ніна Самухіна пачула па Радыё Свабода, што абаронцам Курапатаў не хапае харчаваньня:

(Cамухіна: ) "А ўчора паслухала па Свабодзе, і так дрэнна стала, так цяжка... Думаю, што я ім занясу. Вось я й зрабіла, што змагла..."

(Карэспандэнтка: ) "А што Вы прынесьлі?"

(Самухіна: ) "Прынесла ім бульбы. Памыла добра й навучыла іх, як яе пячы на вогнішчы, бо я яшчэ старая партызанка".

Ніна Самухіна была не адзіная, хто сёньня дапамагаў абаронцам Курапатаў. Гаворыць сябар Беларускай партыі свабоды Цімох:

(Цімох: ) "Вось дзякуючы Радыё Свабода да нас сёньня зьвярнуліся людзі, прынесьлі ежу, перадалі грошы. У прынцыпе цяпер тут можна будзе жыць, нармалёва харчавацца. Але не хапае людзей на абарону. Сёньня ўначы тут было 6 чалавек.

Так што, хто можа, прыходзьце сюды, хаця б на гадзіну дапамагчы. Лепш за ўсё ў першую зьмену, з ранку, бо з тых людзей, што тут знаходзяцца, большая частка сыходзіць на вучобу альбо на працу, і народу тут амаль што не застаецца".

Сёньня ў Курапатах актыўна працавалі й сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — яны высякалі хмызьнякі на пагорку, зьбіралі сьмецьце. Уладзімер Юхо прыходзіць у Курапаты штодзень, бывае, што й па некалькі разоў. Менавіта ён першым убачыў, як 20 верасьня, на дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, у Курапатах пачалі высякаць дрэвы.

(Юхо: ) "Сёньня ноч была вельмі халодная. Я а сёмай гадзіне прыйшоў, частка моладзі ўжо зьехала дадому грэцца, але ж частка так ля вогнішча й сядзела. Сёньня дзьве сухія яліны падрыхтавалі, парэзалі на ноч. Думаю, гэтую ноч таксама быць тут разам зь імі. Бо дарогу перакрылі, і ў мяне такое ўражаньне, што чакаюць нейкага загаду. Такое адчуваньне, што вось-вось пачнуць ісьці на Курапаты з двух бакоў. Бо й з таго, і з гэтага боку тэхніка ўжо падрыхтаваная".

Дзесьці ў 100 мэтрах ад Курапатаў ужо ідзе актыўная будоўля. Я падышла да будаўнікоў і пацікавілася іхным стаўленьнем да канфлікту вакол Курапатаў.

(Карэспандэнтка: ) "Чым гэта ўсё скончыцца, на ваш погляд?"

(Будаўнік: ) "Пабудуем дарогу".

(Карэспандэнтка: ) "А калі людзі будуць сядзець, бараніць Курапаты, не дазваляць будаўнікам працаваць?"

(Будаўнік: ) "Убяруць людзей".

(Карэспандэнтка: ) "А хто ўбярэ?"

(Будаўнік: ) "Найдуць хто..."

(Другі будаўнік: ) "Гэтая дарога, гавораць, была яшчэ да вайны. Побач з дарогай расстрэльваць нікога ня будуць, тым больш было заключэньне ў газэце".

(Карэспандэнтка: ) "А калі Вам будзе загад накіраваць тэхніку на крыжы... Іх ужо асьвячалі. Пойдзеце на крыжы?"

(Будаўнік: ) "Мы ведаем, што асьвячалі. Канечне, рука на гэтае не падымецца. Ёсьць для гэтага ўлады, няхай разьбіраюцца".

Рэканструкцыя кальцавой дарогі працягваецца. Будоўля пакрысе набліжаецца да курапацкага ляснога масыву. Можа так адбыцца, што на Дзяды людзям прыйдзецца ісьці з крыжамі ў Курапаты не па асфальце, а па пяску, бо верагодна, што ўжо ў нядзелю дарога будзе ўся перарытая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG