Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АПАЗЫЦЫЯ НА ПРАЙШОЎШЫХ ВЫБАРАХ НЯ МЕЛА ШАНЦАЎ ПЕРАМАГЧЫ – ШТО НАПЕРАДЗЕ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі шэрагу беларускіх дасьледчых інстытутаў ды ўстановаў, аб'яднаныя ў "Асацыяцыю фабрык думкі", сёньня распавялі пра вынікі праведзенага імі аналізу сацыяльна-палітычных працэсаў, што адбываліся ў Беларусі пасьля выбараў. З асноўным дакладам выступіў палітоляг Валер Карбалевіч з фонду "Стратэгія".

На ягоную думку, у верасьні ў Беларусі адбываліся ня выбары, а жорсткая палітычная кампанія і апазыцыя ня мела ніякіх шанцаў яе выйграць. І ня толькі таму, што яе вынік быў папярэдне сплянаваны ўладамі. Так, паводле Карбалевіча, створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль дзяржаўнага ўладкаваньня сябе яшчэ ня вычарпала, а апазыцыя дрэнна ведае сваё грамадзтва.

Апазыцыя таксама была пераацаніла ролю Захаду, Расеі й мясцовай намэнклятуры ў часе выбараў і прайграла інфармацыйную вайну ўладам. Прысутныя на брыфінгу лідэры апазыцыйных партыяў даволі спакойна ўспрынялі гэтую крытыку.

Узяў слова палітоляг Аляксандар Фядута і пачаў гаварыць, што правая апазыцыя (перадусім БНФ) апошнія пяць гадоў цярпела паразы, бо ня ўдзельнічала ў выбарах, неэфэктыўна праводзіла агітацыйныя кампаніі й акумулявала асноўныя фінансавыя плыні. Тады пачаліся гарачыя спрэчкі. Спадары Фядута й Патупа раілі апазыцыянэрам больш карыстацца паслугамі прафэсіяналаў-навукоўцаў, калі тыя самі ня могуць выпрацаваць нармальную стратэгію палітычнай барацьбы.

Вось якой была рэакцыя апазыцыянэраў. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Прадстаўнікі фабрык думкі павінны фабрыкаваць думкі. Я ўрэшце сюды прыйшоў, каб іхным прадуктам скарыстацца. А спадары Фядута й Патупа не паказалі, што яны прапануюць нейкі прадукт".

Тон дыскусіі зьмякчыў вядучы брыфінгу, кіраўнік цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

(Заіка: ) "Мы хацелі б, каб палітыкі валодалі нармальнай дакладнай інфармацыяй, былі б эфэктыўныя ў сваіх дзеяньнях, і дзеля гэтага працуюць нашыя структуры".

Многіх прысутных цікавіла, ці ёсьць у сацыёлягаў зьвесткі апытаньня на тэму "Як галасавалі беларускія выбарцы на прэзыдэнцкіх выбарах у верасьні?" Сацыёлягі паведамілі, што ёсьць вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, але азнаёміцца зь імі можна будзе толькі пасьля 2 лістапада.

Намесьнік дырэктара гэтай установы Аляксандар Сасноў паведаміў толькі, што зьвесткі апытаньня "За каго галасавалі людзі 9 верасьня?" істотна розьняцца ад лічбаў Цэнтарвыбаркаму. Спадар Сасноў таксама сказаў, што значна зьменшылася лічба прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй, рэйтынг Лукашэнкі працягвае падаць, большасьць перакананая, што іхнае жыцьцё не палепшыцца:

(Сасноў: ) "Нічога такога абвальнага, як любіць гаварыць Лукашэнка, ня будзе. Будзе спакойнае жыцьцё і пэўныя зрухі. Але агульныя трэнды, агульныя тэндэнцыі станоўчыя".

XS
SM
MD
LG