Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАГО АМЭРЫКА ПАВІННА ПАДТРЫМВАЦЬ У АФГАНІСТАНЕ БЕЗ ТАЛІБАЎ?


Сяргей Шупа, Прага

Наземныя сілы альянсу могуць быць важным фактарам у адхіленьні талібаў ад улады. Аднак з прычыны фракцыйнасьці і этнічнай маргінальнасьці лідэраў апазыцыі, ім нельга дазволіць скарыстацца наступам на сталіцу і замацавацца ў якасьці вядучых палітычных постацяў краіны. Такі непрадстаўнічы ўрад ня меў бы шанцаў заручыцца легітымнасьцю ў маштабах краіны або падтрымкай уплывовых суседзяў – накшталт Пакістану.

Шмат хто зь лідэраў Паўночнага Альянсу – тыя самыя людзі, чыё крывавае міжусобнае змаганьне і няўдалае кіраваньне ў 1992-1996 гадох адкрыла шлях да ўлады талібам. Галоўная палітычная постаць альянсу – Бурханудын Рабані – быў прэзыдэнтам Афганістану на пачатку 90-х, калі краіна двойчы патанала ў грамадзянскай вайне. Адзін зь вядучых генэралаў – Абдуррашыд Дустум – праславіўся сваёй жорсткасьцю і частай зьменай палітычных саюзьнікаў.

Сярод лідэраў Паўночнага Альянсу амаль цалкам адсутнічаюць прадстаўнікі найбольшай этнічнай групы Афганістану – пуштуны. Урад, які недаацэньвае пуштунаў, быў бы непрымальны для Пакістану і скампрамэтаваў бы прэзыдэнта Пэрвэза Мушарафа, які ўзяў на сябе палітычную рызыку салідарызавацца са Злучанымі Штатамі. Тыя пуштунскія лідэры, якія ўваходзяць у кіраўніцтва руху Талібан, магчыма, ня могуць удзельнічаць у будучым урадзе Афганістану. Аднак іншыя, чыё супрацоўніцтва з талібамі, абзуецца на прагматычным разьліку, маюць права разьлічваць на месца ў будучай уладзе.Ствараць новы ўрад Афганістану – ня справа Злучаных Штатаў або якой іншай краіны. Што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі мусяць зрабіць – дык гэта заахвоціць ужо распачатыя намаганьні склікаць шырокі ўстаноўчы сход. Яго мог бы ўзначаліць прымальны для ўсіх палітычны дзяяч, напрыклад, былы афганскі кароль.

Калі б Паўночны Альянс неўзабаве захапіў Кабул, Вашынгтон і яго саюзьнікі дасягнулі б важнага сымбалічнага посьпеху. Аднак галоўная мэта Амэрыкі – перамагчы талібаў і адхіліць іх ад улады ва ўсёй краіне, каб тэрарыстычная сетка Усамы бін Лядэна больш не магла знайсьці прытулку ў гэтай краіне. Дасягненьне гэтай мэты патрабуе сфармаваньня кааліцыі з аўтарытэтам значна шырэйшым, чым у здыскрэдытаваных генэралаў Паўночнага Альянсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG