Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗІНАІДА ГАНЧАР ПАТРАБУЕ АД ЛУКАШЭНКІ АДКАЗАЎ НА ПЫТАНЬНІ Ў СПРАВЕ ЕЙНАГА МУЖА


Любоў Лунёва, Менск

Зінаіда Ганчар у сваім лісьце да Аляксандра Лукашэнкі спасылаецца на ягоны выступ у "палаце прадстаўнікоў" Нацыянальнага сходу, у якім ён пацьвердзіў сапраўднасьць дакумэнтаў аб датычнасьці некаторых службовых асобаў да выкраданьня яе мужа. Гэныя дакумэнты трапілі ў прэсу. Зінаіда Ганчар просіць Аляксандра Лукашэнку адказаць на наступныя пытаньні:

"Ці зьяўляецца прычынай адстаўкі кіраўнікоў КГБ Мацкевіча і пракуратуры Бажэлкі той факт, што цягам сьледзтва вызначылася датычнасьць шэрагу найвышэйшых службовых асобаў да выкраданьня Віктара Ганчара?

Чаму, пацьвердзіўшы сапраўднасьць дакумэнтаў, Вы захавалі на пасадзе генэральнага пракурора В.Шэймана, які ў гэтай справе зьяўляецца зацікаўленай асобай і можа ўплываць на сьледзтва?

Чаму Вы вызвалілі з-пад варты і даверылі ахоўваць сябе чалавеку (Паўлючэнку), якога абвінавачваюць у выкраданьні й магчымым забойстве Віктара Ганчара?"

Жонка зьніклага палітыка просіць адказаць ёй у вызначаны законам тэрмін.

У лісьце да старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябром якой зьяўляецца Віктар Ганчар, Зінаіда зьвяртаецца да Анатоля Лябедзькі як да ініцыятара перамоваў паміж уладай і апазыцыяй. Зінаіда просіць, каб апазыцыя, а найперш АГП, умовай для перамоваў паставіла высьвятленьне лёсу ейнага мужа.

Зінаіда Ганчар паведаміла Радыё Свабода:

(З.Ганчар: ) "Прайшло больш за два гады, а сьледзтва ні на адзін крок не прасунулася. Я спадзяюся атрымаць ад Лукашэнкі праўдзівыя адказы на мае пытаньні. А Лябедзьку я напісала таму, што АГП актыўна сябе паводзіла напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, патрабуючы ад уладаў сказаць праўду.

Выкралі двух сяброў гэтай партыі — Юр'я Захаранку і Віктара Ганчара. Я лічу, што сябры партыі павінны дабівацца высьвятленьня лёсу іх калегаў. У 1999 годзе напярэдадні тых перамоваў таксама як умову пачатку вылучалі патрабаваньне высьветліць лёс зьніклых палітыкаў. Але дагэтуль нічога так і не вядома. Я спадзяюся на тое, што цяпер апазыцыйныя палітыкі будуць больш настойліва дабівацца праўды.

Мне цяжка зразумець праблемы рэфармаваньня заканадаўства ці эканамічнай палітыкі — гэта тыя праблемы, якія плянуць вырашыць у працэсе перамоваў. Я лічу, што без высьвятленьня лёсу выкрадзеных людзей гэтыя пытаньні нават не павінны абмяркоўвацца. Нельга гандляваць лёсам людзей дзеля задавальненьня палітычных амбіцыяў ці вырашэньня палітычных інтарэсаў. Лёс і жыцьцё аднаго чалавека каштуюць значна даражэй".

Мы зьвярнуліся да лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) "Хачу сказаць адназначна і катэгарычна. Ёсьць адна тэма, у якой ня можа быць кампрамісу. Гэта тэма правоў чалавека наогул і пытаньне зьніклых людзей. Мы будзем працягваць кампанію "Хочам ведаць праўду!" і нічога тут мяняць ня будзем.

9-га сьнежня плянуем агульнанацыянальную акцыю неабыякавых людзей. Рыхтуем актуалізацыю гэтага пытаньня ў фармаце Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы на сэсіі, якая адбудзецца ў студзені. Кансультацыі аб мажлівым пачатку перамоўнага працэса, на маю думку, паспрыяюць высьвятленьню лёса зьніклых людзей".

Зінаіда Ганчар паведаміла Радыё Свабода, што мае намер днямі накіраваць ліст паслу Гансу-Георгу Віку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG