Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМЭРЫКУ МОГУЦЬ НАПАТКАЦЬ НОВЫЯ ТЭРАКТЫ І НОВЫЯ АХВЯРЫ СЯРОД МІРНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Сяргей, што сёньня адбылося ў Нью-Ёрку?”

(Навумчык: ) “Цяпер па ўсіх каналах тэлебачаньня ідуць рэпартажы пра здарэньне ў Мангэтане, непадалёку ад Юніён Сквэр, дзе абрынулася будаўнічая канструкцыя чатырнаццаціпавярховага дому. Пяць будаўнікоў загінулі адразу, 9 – параненыя і знаходзяцца ў шпіталі. Пакуль што прычыны здарэньня не вядомыя”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а што, разглядаецца і варыянт тэрарыстычнага акту?”

(Навумчык: ) “Разглядаюцца розныя варыянты, але такія выпадкі час ад часу здараліся і раней. Гады тры таму абрылуліся рыштаваньні ў раёне Таймс Сквэру, тады загінуў адзін чалавек. Прычынай той катастрофы было парушэньне сыстэмы бясьпекі”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а што цяпер адбываецца на месцы катастрофы 11-ага верасьня?”

(Навумчык: ) “У ніжнім Мангэтане працягваецца расчыстка, яна ідзе шпарка, бо цёплае надвор’е (у Нью-Ёрку цяпер 21 па Цэльсію). Ужо вывезеныя амаль усе вялікія кавалікі хмарачосаў, і тое, што засталося, спрэсавана цяжарам шматтонных канструкцыяў. І тут амаль штодня знаходзяць часткі целаў тых, хто знаходзіўся ў будынках ці каля іх. Сёньня абвешчаныя новыя дадзеныя адносна колькасьці загіблых. Сьмерць 425 чалавек афіцыйна пацьверджаная, 4 339 чалавек да гэтага часу лічацца зьніклымі бяз весткак (гэта значыць, што іх целы альбо ня знойдзеныя, альбо не апазнаныя). У адмысловых сховішчах знаходзіцца восем тысячаў фрагмэнтаў чалавечых целаў, і больш як дзьве тысячы родных тых, хто загінуў, здалі пробы ДНК на аналіз для індыфікацыі”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, якія навіны адносна ваеннай апэрацыі ў Афганістане?”

(Навумчык: ) “Амэрыканскія паветраныя сілы працягваюць наносіць ўдары па аб’ектах талібаў, і выглядае, што асноўныя ўдары накіраваныя на вайсковыя пазыцыі талібаў у тых месцах, дзе яны супрацьстаяць сілам Паўночнага альянсу. Вольга, як бачыш, я выкарыстоўваю слова “выглядае”, бо Пэнтагон застаецца верны свайму абяцаньню трымаць тактыку апэрацыі ў сакрэце. Канечне, прэса друкуе розныя схемы і мапы, але наколькі яны адпавядаюць рэальнасьці – цяжка сказаць. Калі абавязак журналістаў – здабываць інфармацыю, дык вайскоўцы лічаць сваім абавязкам захоўваць ваенную таямніцу. Некалькі дзён таму паведамлялася, што група амэрыканскага спэцназу зьдзейсьніла рэйд у раён, які кантралюецца талібамі. І вось цяпер міністар абароны Дональд Рамсфельд назваў таго, хто перадаў прэсе інфармацыю “злачынцам”, які выявіў абыякавасьць да жыцьця ўдзельнікаў апэрацыі. Як паведаміла Washington Post, міністар абароны наогул лічыць немэтазгодным перадаваць у прэсу інфармацыю адносна наземнай апэрацыі. Некеаторыя дзеяньні могуць быць засакрэчаныя назаўсёды, і няма сумненьняў, што калі бін Лядэн будзе захоплены – мы наўрад ці даведаемся падрабязна, якім чынам гэта адбылося. Дарэчы, той жа Рамсфэльд сказаў, што захоп бін Лядэна можа ўзяць шмат часу і нават не выключыў таго, што гэтага можа і не адбыцца – тэрарыст нумар адзін здольны перабрацца ў іншую краіну. Некаторыя аналітыкі наогул лічаць, што зьнішчэньне бін Лядэна мала што дасьць – ягонае месца зоймуць іншыя фанатыкі”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, і калі так, ці не зьмянілася стаўленьне амэрыканцаў да вайны ў Афганістане, дзе ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва?”

(Навумчык: ) “Вольга, пакуль што пацьверджана незалежнымі экспэртамі каля двухсот ахвяраў сярод мірных афганцаў – за 18 дзён апэрацыі. Нагадаю, што за некалькі хвілінаў тэракту ў Нью-Ёрку і ў Вашынгтоне было забіта больш як 5 тысячаў мірных жыхароў. І гэта, магчыма, не апошнія мірныя ахвяры сярод насельніцтва ЗША, бо амэрыка ўзяла на сябе асноўны цяжар барацьбы з тэрарызмам. У гэтым сэнсе паказальная заява віцэ-прэзыдэнта Дзіка Чэйні, які заклікаў амэрыканцаў рахтавацца да працяглай вайны з тэрарызмам, у якой ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ЗША можа быць болей, чым сярод вайскоўцаў, якія змагаюцца ў Афганістане. Чэйні таксама сказаў, што вайна толькі тады скончыцца, калі будуць зьнішчаныя ўсе міжнародныя тэрарыстычныя групоўкі”.

XS
SM
MD
LG