Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАТЫРЫ ЖАНЧЫНЫ З БАБРУЙСКУ МАЮЦЬ НАМЕР ПРАЦЯГНУЦЬ СВАЮ ЛЕТНЮЮ ГАЛАДОЎКУ Ў МЕНСКУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Жанчыны прайшлі ўсе ступені вэртыкалі — ад бабруйскай гарадзкой да магілёўскай абласной, а зараз спадзяюцца вырашыць свае праблемы з дапамогай Аляксандра Лукашэнкі. Яны некалькі разоў спрабавалі патрапіць да яго на прыём, аднак усе спробы скончыліся няўдачай. Вось як адказалі Любові Санковіч у адміністрацыі прэзыдэнта:

(Санковіч: ) "Шынкароў Васіль Васільевіч, 16 кастрычніка былі ў яго на прыёме. Магу даслоўна сказаць, што ён нам адказаў: "Вы абвесьцілі галадоўку — гэтым нікога ня зьдзівіш. Вы сядзелі — дык што, сядзіце".

Тады жанчыны накіравалі ў менскі гарвыканкам заяву, у якой паведамляюць пра намер правесьці галадоўку каля рэзыдэнцыі. Радыё Свабода ўжо паведамляла пра прычыны іхнай галадоўкі. Рабочая акцыянэрнага таварыства "Фандок", маці пяцёх дзяцей Галіна Гусева патрабуе ад бабруйскіх уладаў кватэры, у чарзе па якую ейны муж прастаяў больш як 15 гадоў.

Патрабаваньні трох іншых жынчын зьвернутыя да кіраўніцтва бабруйскага філіялу Менскага трактарнага заводу. Ягоная рабочая Яніна Аўсянік стаяла на плошчы разам з сваім сынам-інвалідам, бо чакала жыльля такі ж час, як і Галіна Гусева. Былая камэндантка заводзкага інтэрнату Эва Ўсьцімчук дабіваецца ад прадпрыемства ня толькі кватэры, але аднаўленьня на працы. Такую ж мэту ставіць перад сабой былая старэйшая бугальтарка філіялу Любоў Санковіч, якую звольнілі адразу пасьля таго, як яна абвінаваціла адміністрацыю ў крадзяжы прадукцыі ды накіравала скаргу ў кантрольныя органы.

Пасьля галадоўкі, пачынаючы зь верасьня, жанчыны абышлі ўсе кабінэты. Расчараваўшыся ў абяцаньнях старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Міхаіла Бандарэнкі, яны паехалі ў Магілёў да кіраўніка абласной вэртыкалі Барыса Батуры. Дзьвюм зь іх той абяцаў падшукаць кватэры ўжо блізкім часам, а спадарыні Санковіч — знайсьці працу.

Ужо даўно прайшоў вызначаны час, а справа так і ня зрушылася зь месца. Як кажуць жанчыны, яны зьвярнуліся ў абласную пракуратуру, адтуль атрымалі толькі адпіскі. Зараз яны спадзяюцца толькі на Лукашэнку, на прыём да якога так і не змаглі патрапіць. Адстойваючы свае правы, яны думаюць галадаваць, пакуль ня адбудзецца размова з спадаром Лукашэнкам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG