Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАГРАДЗКІ ЗАВОД ХОЧА Ў “ГАЗПРОМ”


Сяргей Астраўцоў, Наваградак

Адкрытае акцыянэрнае таварыства "Наваградзкі завод газавай апаратуры" — гэта падмурак, на якім трымаецца бюджэт раёну. Яшчэ нядаўна завод забясьпечваў амаль палову бюджэту. Цяпер ягоная доля зьменшылася да 30%. Але з выплатай падаткаў узьніклі праблемы. Завод атрымаў практычна напалову меней прыбыткаў, чым летась, здарыўся раённы бюджэтны крызыс.

Згодна з плянавай эканомікай, у кожным наступным годзе прадпрыемства павінна выпусьціць больш прадукцыі, чым у папярэднім. Ва ўладаў не паўстае пытаньня пра тое, ці будзе тая прадукцыя прададзеная. Так адбылося і ў гэтым разе. Улады заплянавалі павелічэньне выпуску газавай апаратуры і, адпаведна, павялічылі бюджэтныя лічбы. У выніку атрымалася, што акцыянэрнае таварыства не даплаціла ў бюджэт 1 мільярд рублёў.

Арыентавалася яно дагэтуль на расейскіх пастаўшчыкоў і рынак. Але ў Расеі падаражэў газ, адразу рэзка зьменшыўся попыт на газабалённыя сыстэмы для аўтатранспарту. Для мікрааўтобусаў "Газэль", напрыклад, удвая. Таксама падвысіліся кошты на сыравіну й дэталі. У выніку на складах застаўся месячны выпуск прадукцыі коштам больш за 1 мільярд рублёў. Прадукцыя зрабілася стратнай.

Тады канцэрн "Белпалівагаз" падвысіў цэны на наваградзкія вырабы, каб ад продажу мець прыбытак. Але хто іх купіць? Вырашылі шукаць пакупнікоў у суседняй Украіне і ў няблізкай Сярэдняй Азіі ды зьмяншаць энэрга- і мэталаёмістасьць. А пакуль на прадпрыемстве 3-дзённы працоўны тыдзень, і сярод рабочых зьявіліся чуткі аб скарачэньнях.

Старшыня райвыканкаму Анатоль Ліс параіў "глядзець у пэрспэктыву". А дзеля гэтага прадумаць, як перадаць частку акцыяў расейскаму "Газпраму". Дырэктар заводу Аляксандар Фядотаў пагадзіўся з парадай. 5 гадоў таму Аляксандар Лукашэнка быў на прадпрыемстве і падтрымаў плян хаўрусу з "Газпрамам". Аднак тады, маўляў, урадавыя чыноўнікі ўсё зьвялі на нішто. Дырэктар лічыць, што варта паспрабаваць яшчэ раз. Шукаць іншых інвэстараў наваградцы не зьбіраюцца.


XS
SM
MD
LG