Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ ІНСТЫТУТУ МІКРАБІЯЛЁГІІ Ў БАРАЦЬБЕ З БІЯТЭРАРЫЗМАМ ТРЫМАЮЦЦА НА "ШЛЯХЕЦКІМ ГОНАРЫ"


Ігар Карней, Менск

Небясьпека ў тым, што апошнія прышчэпкі ад воспы рабіліся ў Беларусі 20 гадоў таму, а зараз для прафіляктыкі гэтай хваробы Беларусь ня мае вакцыны.

У памяшканьнях Інстытуту мікрабіялёгіі тэмпэратура такая ж, як і на вуліцы. На маё пытаньне, ці не зьвязана гэта з патрабаваньнямі лябараторнага працэсу, загадчык аддзелу асабліва небясьпечных інфэкцыяў Аляксандар Уладыка сумна ўсьміхаецца: які градус адносінаў да навукі ў грамадзтве, такая й тэмпэратура ў навуковых установах.

(Уладыка: ) "Усё фактычна развалілася. Трымаемся на старых кадрах, на шляхецкім гонары, бо ня хочацца кідаць тое, што напрацавана. Калісьці ў сваёй галіне мы былі наперадзе ўсёй плянэты. Нашыя супрацоўнікі пасьля развалу СССР былі запатрабаваныя тымі верагоднымі супраціўнікамі, зь якімі мы канкуравалі. Адзінкі не ад'ехалі.

Нашыя навукоўцы працуюць у Нацыянальным Інстытуце здароўя ЗША, у Цэнтры па кантролі за інфэкцыйнымі захворваньнямі ў Атлянце, у Канадзе, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне. Са сваім вялізным досьведам яны там падымаюць ахову здароўя. Зараз усё аддадзена на адкуп абы каму".

Да ўстановаў падобнага профілю зараз цікавасьць асаблівая, і ня толькі ўласна мэдычная. Супрацоўнікі лябараторыяў маюць наўпроставы доступ да сьмяротных вірусаў. Я спытаўся ў спадара Ўладыкі, ці сапраўды эмісары таго ж бін Лядэна маглі набыць прэпараты непасрэдна ў навуковых установах?

(Уладыка: ) "А куды дзецца? Калі ў сям'і нястача, жонка не працуе, даходаў няма. Калі чалавек даведзены да адчаю і бачыць, што ягоныя родныя гінуць... Бін Лядэн мог атрымаць штамы хваробы дзе заўгодна, гэта факт. 89 краінаў рэгіструюць сыбірскую язву на сваіх тэрыторыях. У Беларусі недзе 500 пахаваньняў жывёлы, у тым ліку й той, якая была заражаная".

Спадар Уладыка ўпэўнены, што зараз неабходна распачаць вакцынацыю найперш ад натуральнай воспы. Апошнія вакцыны супраць гэтай хваробы былі зробленыя 20 гадоў таму. Дастаткова аднаго камікадзэ, адмыслова заражанага воспай, каб адкінуць у сярэднявечча цэлую краіну. Беларусь да супраціву не падрыхтаваная.

(Уладыка: ) "Датычна нас — ніводнай дозы пакуль мы ня можам прыгатаваць, бо ўсе запасы вакцыны паводле патрабаваньня Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя мы зьнішчылі. І ў гэтым сэнсе мы вельмі безабаронныя. Раней нас курыравала Растоўская супрацьморная станцыя, таму набыць вакцыну можна. Але гэтым трэба займацца зараз, і вярнуцца да пытаньня імунізацыі. Бо такія варыянты магчымыя: людзі, якія займаюцца біятэрарызмам, абвяшчаюць джыгад, не зважаючы на ўласнае жыцьцё".

Апошнімі днямі экспэрты інстытуту атрымалі ўласьцівы апошняму часу атрыбут — пакеты зь белым парашком. Усе дасьледаваньні паказалі, што гэта альбо звычайны пральны парашок, альбо сода. Але падобныя жарты тут ўспрымаюць больш чым сур'ёзна. Гаворыць кіраўніца лябараторыі Алена Часьлянок:

(Часьлянок: ) "Да падзеяў у сьвеце мы ставімся вельмі сур'ёзна, і гэта нас у пэўнай ступені дысцыплінуе. А што тычыцца людзей, якія дапускаюць такія "перагібы", то мы іх сапраўды баімся. Гэта псыхічна неўраўнаважаныя людзі. Але ў нашым аддзеле асабліва небясьпечных інфэкцыяў людзі вельмі падрыхтаваныя, і мы нават не дапускаем, што яны могуць пайсьці менавіта такім шляхам".

Апошнім часам штат супрацоўнікаў аддзелу асабліва небясьпечных інфэкцыяў скараціўся больш чым удвая — са 100 засталіся толькі 44 чалавекі. Пры гэтым лябарант, які непасрэдна працуе зь мікраарганізмамі, зарабляе 28 тысяч рублёў на месяц.

XS
SM
MD
LG