Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЦЕНЯВЫ" ЎРАД БЕЛАРУСІ МУСІЦЬ ПАЙСЬЦІ НА ВАКАЦЫІ, КАБ ВЫЗНАЧЫЦЬ СВОЙ ДАЛЕЙШЫ ЛЁС


Уладзімер Глод, Менск

Сёньняшняе паседжаньне паказала, што сябры "ценявага" ўраду падзялілся на дзьве акрэсьленыя групы: адны, напрыклад, Васіль Шлындзікаў, Станіслаў Багданкевіч, лічаць, што гэтая структура сябе вычарпала.

Другія (Уладзімер Нісьцюк, Павал Казлоўскі) выказваюцца за тое, каб Нацыянальны выканаўчы камітэт захаваць, але правесьці пэўную трансфармацыю — напрыклад, стварыць на ягонай базе аналітычны цэнтар. Маўляў, пасьля Канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, якую "ценявы" ўрад падрыхтаваў летась, можна працаваць і над Стратэгічнай канцэпцыяй дэмакратычнага зьмяненьня краіны, на якую, безумоўна, будзе попыт розных палітычных суб'ектаў Беларусі.

Шырокае кола навукоўцаў, якое склалася пад дахам "ценявага" ўраду, можа стаць моцным генэратарам новых ідэяў, да таго ж надпартыйным.

Але Нацыянальны выканаўчы камітэт,"ценявы" ўрад, ствараўся на пачатку 1997 году пад эгідай Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і быў зацьверджаны менавіта рашэньнем гэтага парлямэнту. З аднаго боку, Вярхоўны Савет цяпер шмат хто ўспрымае ўжо як віртуальную структуру. З другога боку, ён, як часам жартуюць, бесьсьмяротны, паколькі некаторыя ягоныя дэпутаты згодныя скласьці свае паўнамоцтвы толькі пасьля дэмакратычнага абраньня новага парлямэнту. І калі зараз скасаваць "ценявы" ўрад, надыдзе чарга ліквідацыі Вярхоўнага Савету, на што яшчэ ня ўсе гатовыя пайсьці.

У такой сытуацыі вырашылі ўзяць вакацыі роўна на два месяцы. За гэты час выканаўца абавязкаў старшыні "ценявога" ўраду Мечыслаў Грыб мусіць правесьці адпаведныя кансультацыі з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету. А тая частка ўраду, што выступае за ягоную новую канфігурацыю, узялася за гэты ж час падрыхтаваць адмысловую канцэпцыю рэфармаваньня.

XS
SM
MD
LG