Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРАВЕ ВЫРАТАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ СЬВЯТАРЫ ЗЬВЕРНУЦЦА ДА ЎРАДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На ініцыятыву сяброў грамадзкай ініцыятывы абмеркаваць праблему Курапатаў адгукнуліся прадстаўнікі чатырох канфэсіяў — праваслаўнай, мусульманскай, Беларускай эвангельскай царквы і Царквы адвэнтыстаў сёмага дня, хаця запрашэньні ўдзельнічаць у гэтым круглым стале былі разасланыя ўсім асноўным канфэсіям Беларусі.

Паводле вядучых круглага стала Ірыны Жыхар і Сяргея Сахарава, актывісты грамадзкай ініцыятывы хацелі пачуць стаўленьне сьвятароў да захаваньня помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі — у прыватнасьці, да праблемы Курапатаў. Якім чынам прадухіліць акты вандалізму? Гаворыць прэсьвітар Беларускай эвангельскай царквы, у мінулым вязень сталінскіх лягераў Эрнст Сабіла:

(Сабіла: ) "Тое, што пускаюць бульдозэры на месцы пахаваньняў — гэта гнюсна, і гэта яшчэ мяккія словы. Безумоўна, трэба падняць усю грамадзкасьць, каб захаваць гэтае месца. Усе арганізацыі і сьвятары, якіх бы канфэсіяў яны ні былі — Курапатамі мы аб'яднаныя".

З гэтай думкаю пагадзіліся ўсе сьвятары-ўдзельнікі круглага стала. Гаворыць настаяцель Сьвята-Ўваскрасенскага храму Праваслаўнай царквы, што ў менскім мікрараёне Зялёны Луг айцец Уладзімер Стукач, які даўно апякуецца курапацкімі пахаваньнямі:

(Стукач: ) "Трэба аб'ядноўваць нас у гэтай справе, і аб'ядноўваць зь мірам. Вельмі добра, што пачаўся дыялёг — ня жарсьці, ня мітынгі, а дыялёг спакойны й канструктыўны. Ратуй вас, Госпадзе!"

На ягоную думку, і ўладам, і грамадзкасьці трэба распачаць дыялёг у справе добраўпарадкаваньня й мэмарыялізацыі Курапатаў. Сьвятары прапанавалі прадстаўнікам грамадзкасьці ўзяць на сябе ініцыятыву аб'яднаць духоўных асобаў у справе абароны Курапатаў.

Актывіст грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Віктар Івашкевіч прапанаваў падпісаць тэкст звароту да ўраду з заклікам неадкладна наладзіць публічны дыялёг паміж Саветам міністраў і ўсімі зацікаўленымі арганізацыямі аб лёсе Курапатаў. На час дыялёгу прапануецца прыпыніць будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі на курапацкім участку. Паводле праекту звароту, такі дыялёг засьведчыў бы рэальную гатовасьць уладаў мяняць сваё стаўленьне да грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Падобны зварот да ўраду ўжо накіравалі грамадзкія арганізацыі. Вось меркаваньне старшыні ўправы мусульманскіх рэлігійных арганізацыяў Беларусі муфція Ісмаіла Александровіча:

(Александровіч: ) "Мы бы падтрымалі такі зварот да ўладаў, да грамадзкасьці — каб захаваць курапацкі помнік. Але нас трэба сабраць, каб быў нейкі дыялёг паміж канфэсіямі".

Сьвятары прапанавалі сябрам грамадзкай ініцыятывы дапрацаваць тэкст звароту да ўраду і пасьля накіраваць яго дзеля падпісаньня ўсім асноўным канфэсіям Беларусі.

XS
SM
MD
LG