Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ НА ТЛЕ "ВЕРША НА СВАБОДУ


Валянціна Аксак, Менск

Пра тое, як нарадзілася ідэя інсталяцыі й ідэя самой выставы, Аляксей Марачкін гаворыць у інтэрвію нашай карэспандэнтцы.

(Марачкін: ) "На гэтым месцы вясной павінна была быць вялікая штогадовая выстава суполкі "Пагоня". Але чыноўнікі знайшлі нейкія прычыны і не далі нам выставіцца тады. І ўжо каторы год традыцыйная нашая выстава да 25 сакавіка не адбываецца ў нашым Палацы мастацтва. І таму калі сёлета ў пляне Палацу зьявілася мая пэрсанальная выстава, я адчуў, што гэта адзіная мажлівасьць, каб сябры суполкі выставіліся разам са мною. Таму выстава й называецца "Марачкін разам з "Пагоняй".

(Карэспандэнтка: ) "Штогадовыя выставы "Пагоні" прываблівалі шырокую грамадзкасьць з розных прычынаў, але была адна нязьменная — вашая адкрытая грамадзянская пазыцыя, якую вы акцэнтавалі ў экспазыцыі нейкай інсталяцыяй. Што гэта сёлета?"

(Марачкін: ) "Ведаеце, няма такіх маштабных твораў, якія тыя гады ўлады загадвалі здымаць з экспазыцыі. Але сёлетняя мая інсталяцыя, я лічу, больш глыбокая па зьмесьце і форме — "Верш на свабоду". Тое, што задумала Радыё Свабода гэты праект і спраўдзіла яго, — гэта цудоўна. Я проста ў захапленьні ад яго. Гэта яшчэ раз паказвае, што кожны другі беларус, а можа і кожны — паэт.

Я стаю вось ля гэтае інсталяцыі... Гэта старая друкавальная машынка. Літары на клявішах я адмыслова зацямніў, але наклеіў на іх назву — "Верш на свабоду". У машынцы мой "Верш на свабоду", а побач — стосік ужо аддрукаваных асобнікаў. Людзі падыходзяць, бяруць, чытаюць — і гэта цудоўна..."

(Карэспандэнт: ) "Ці праявілі інтарэс да вашае выставы ўлады ў якой-небудзь форме?"

(Марачкін: ) "Ані якога інтарэсу... Яны чакалі, што я прыйду кланяцца перад імі... Тут, на адкрыцьці, іх нікога няма. Яны баяцца. Адзін іхны знаёмы падышоў да мяне і кажа, што ў цябе ж на пінжаку значок з "Пагоняй", як жа яны побач з табою могуць быць. І гэта так".


XS
SM
MD
LG