Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” СТАЯЎ У ВІЦЕБСКУ Ў ДЗЕНЬ ПАЧАТКУ СУДА Ў СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Акцыя віцебскіх сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася, як і звычайна, на Прывакзальнай плошчы. А 18-й вечара 11 пікетоўцаў выйшлі сюды з партрэтамі Генадзя Карпенкі, Андрэя Клімава і зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі ды Зьмітра Завадзкага.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, віцебскія мінакі часта спыняліся ды распытвалі ўдзельнікаў акцыі пра лёсы гэтых людзей. Тое, што віцяблянаў насамрэч хвалююць нечаканыя зьнікненьні беларускіх грамадзянаў, выдатна прадэманстраваў наступны выпадак. Праз некалькі хвілінаў ад пачатку акцыі да яе ўдзельнікаў падыйшоў незнаёмы чалавек ды выказаў жаданьне далучыцца да “Ланцугу неабыякавых людзей” з партрэтам Зьмітра Завадзкага, справу аб зьнікненьні якога пачаў сёньня разглядаць Вярхоўна суд. А даведаўшыся, што акцыя бадзе працягвацца яшчэ амаль гадзіну, гэты незнаёмы чалавек пачаставаў усіх удзельнікаў гарачай кавай.

Варта зазначыць, што віцебскія міліцыянты гэтым разам цалкам праігнаравалі правядзеньне апазыцыйнай акцыі. Між тым, якраз сёньня ў іхнай прысутнасьці была пільная патрэба, бо да пікетоўцаў раптам прычапіўся п’яны хуліган, які спрабаваў вырываць з рук удзельнікаў акцыі партрэты ды брыдка лаяўся. Жанчыны, якіх у “Ланцугу …” была большасьць, проста разгубіліся ад такога нахабства, і выбавіў іх ад хулігана той самы незнаёмец.

– Што яшчэ я магу зрабіць для вас? – запытаўся гэты мужчына, а даведаўшыся, што акцыю ладзілі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, тут жа зацікавіўся яе дзейнасьцю.

Дарэчы, паводле слоў старшыні гарадзкой партаыйнай арганізацыі Алены Залесскай, ужо пасьля выбараў 9-га верасьня шэрагі віцебскай суполкі АГП папоўнілі 20 новых сяброў. І “Ланцуг неабыякавых людзей” будзе паўставаць на Прывакзальнай плошчы ў Віцебску да тае пары, пакуль усе людзі ў Беларусі не даведаюцца праўду пра сваіх зьніклых суграмадзянаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG