Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КУПАЛАЎСКІМ ТЭАТРЫ ЎПЕРШЫНЮ ПАСТАЎЛЕНЫ СПЭКТАКЛЬ НА ГРШЫ СПОНСАРА


Любоў Лунёва, Менск

Цяжкае фінансавае становішча ў Нацыянальным тэатры імя Я.Купалы прымусіла актораў шукаць спонсараў для пастаноўкі спэктакля. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі дырэктар тэатра Генадзь Давыдзька распавёў пра складанае эканамічнае становішча ў тэатры:

(Давыдзька: ) "Заробкі мы атрымліваем ад дзяржавы. Існуе сыстэма дзяржзаказу на асобныя спэктаклі. Зь цяжкасьцю напрыканцы квартала знаходзім нешта на падаткі, нешта на камунальныя плацяжы... Калі мы жадаем цягам году акрамя аднаго спэктакля паставіць яшчэ пяць, то нам трэба неяк самім зарабіць. Як гэта зрабіць?

Нам дазволілі павялічыць цэны на квіткі, але мы павінны клапаціцца пра свайго гледача. Трэба, каб квіток мог набыць настаўнік, інжынэр альбо рабочы дзяржаўнага прадпрыемства. На прэм'ерныя і найлепшыя спэктаклі квіток каштуе 5 тысяч рублёў".

У такіх умовах актор Купалаўскага тэатра Аляксандар Падабед вырашыў сам знайсьці грошы для пастаноўкі свайго бэнэфіснага спэктаклю. Ён абышоў некалькі камэрцыйных фірмаў, пакуль фірма "Сэрж", якая выпускае жаночую і мужчынскую бялізну, не пагадзілася даць 3 тысячы даляраў на пастаноўку й рэквізыт. Дзякуючы гэтаму днямі адбудзецца прэм'ера спэктакля "Дом, дзе сьпяць прыгажуні" паводле аповесьці Ясунары Кавабаты.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода "Чаго не хапае сёньня Нацыянальнаму тэатру, каб ён стаў прэстыжным?" адказаў мастацкі кіраўнік тэатра Валеры Раеўскі:

(Раеўскі: ) "Мы размаўляем на беларускай мове, і гэта вельмі важна. Праблема кадраў — праблема драматургіі, глебы тэатра. У нас ёсьць Дудараў. Дзякуй богу, што ён зьявіўся пасьля Макаёнка. Сёньня зьявілася яшчэ адно прозьвішча — гэта малады драматург, якога запрашаюць у МХАТ, Андрэй Курэйчык. Канечне, ёсьць фінансавыя праблемы, але ёсьць і творчыя".

Вадзім Дапкюнас, начальнік аддзелу тэатраў Міністэрства культуры, дадаў, што сытуацыя зь фінансаваньнем менавіта тэатраў у Беларусі склалася вельмі цяжкая, і ён за тое, каб іншыя тэатры пераймалі досьвед Купалаўскага й шукалі сабе спонсараў.

XS
SM
MD
LG