Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЕ ЗОЛАТА БУДЗЕ АБМІНАЦЬ БЕЛАРУСЬ


Міхал Стэльмак, Менск

23 кастрычніка ўрад Расеі ўвёў новы парадак экспарту свайго золата. Прэм'ер Міхаіл Касьянаў скасаваў пошліну, якая сёлета справакавала фінансавы скандал ў дачыненьнях Масквы й Менску. У цэнтар скандалу трапіў Нацыянальны банк Беларусі. Як высьветлілася, ён гандляваў расейскім золатам — гэты каштоўны мэтал пастаўлялі яму расейскія банкі.

Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё кіраўнік Камітэту каштоўных камянёў Асацыяцыі расейскіх банкаў Сяргей Кашуба:

(Кашуба: ) "Рэч у тым, што беларускі Нацыянальны банк ня зьяўляўся плацельшчыкам 5-адсоткавай экспартнай пошліны. Таму расейскія банкі прадавалі яму, а ён экспартаваў далей. Такі вось быў просты мэханізм. Таму я на сёньня магу сказаць, што з пазыцыі Асацыяцыі расейскіх банкаў, якая выступае за адзіныя правілы гульні для ўсіх банкаў на нашым рынку, тое, што зьмянілі пошліну, гэта добра".

Для беларускага Нацыянальнага банку рашэньне Масквы зьмяніць правілы экспарту не было нечаканым. У прыватнасьці, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч яшчэ два тыдні таму быў паінфармаваны пра гэтыя пляны. Але яго абураюць неабгрунтаваныя, паводле ягонага меркаваньня, высновы, што толькі Беларусь займалася рээкспартам расейскага золата:

(Пракаповіч: ) "А пры чым тут Беларусь? Я маю на ўвазе тое, што ў адпаведнасьці з законамі, такія ж магчымасьці мелі і ўсе астатнія краіны мытнага саюзу: Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан і Беларусь. Таму можна было вывозіць банкам праз гэтыя краіны".

Нацбанк утойвае даходы, што былі атрыманыя ад золатавалютных апэрацыяў з расейскімі банкамі. Аднак, на думку расейскіх экспэртаў, гэтыя апэрацыі былі вельмі прыбытковымі. Зараз кошт золата на міжнародных рынках складае 270 даляраў за тройскую унцыю, альбо каля 8,5 даляра за грам каштоўнага мэталу.

Паводле зьвестак Саюзу золатапрамыслоўцаў Расеі, летась Масква экспартавала 80 тон золата. Дык вось, мяркуецца, што беларуская доля ў гэтым экспарце дасягае 40 тон. Зь іх, як лічаць экспэрты, 10 тон каштоўнага мэталу Нацыянальны банк пакінуў у сваім золатавалютным сховішчы. Праўдападобнасьць гэтай вэрсіі пацьвярджаюць і афіцыйныя зьвесткі — менавіта 10 тон і 100 кіляграмаў складае зараз залаты запас краіны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG