Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ЎСЁ БОЛЬШ ДОКАЗАЎ, ШТО ЗА ЛІСТАМІ З БАЦЫЛАМІ АНТРАКСУ СТАЯЦЬ ПАСЬЛЯДОЎНІКІ БІН ЛЯДЭНА


Віталь Цыганкоў, Прага

Дапушчэньне таго, што распаўсюджваньне сыбірскай язвы – справа рук тэрарыстаў, зьяўляецца значным зрухам у поглядах сьледчых, якія раней лічылі, што гэта асобны злачынны акт, ніяк не зьвязаны з акцыямі 11 верасьня.

Гэты зрух у сьледзтве базуецца, аднак, не на пэўных доказах, але на акалічнасьцях, узятых зь інфармацыі апошніх дзён, такіх, напрыклад, як паштовыя маркі на лістах, што ўтрымлівалі споры сыбірскай язвы. Кожны з гэтых лістоў быў пасланы зь месцаў, дзе жылі альбо куды прыяжджалі тэрырысты, што ўдзельнічалі ў актах 11 верасьня.

Лісты, дасланыя ў вашынгтонскі офіс лідэра сэнацкай большасьці Тома Дашла і ў тэлекампанію NBC у Нью-Ёрку, былі накіраваныя з аднаго гораду, Трэнтану, сталіцы штату Нью-Джэрзі. Некалькі тэрарыстаў-угоншчыкаў самалётаў 11 верасьня жылі якраз у гэтым штаце. Трэці ліст з Малайзіі быў дасланы ў офіс Microsoft у Нэвадзе. Халід Алмідгар, пілёт, які вёў самалёт, што ўрэзаўся ў Пэнтагон, быў засьняты відэакамэрай назіраньня ў Куала-Лямпуры, сталіцы Малайзіі, у студзені 2000 году.

Сьледчыя пакуль не знайшлі самі лісты, якія выклікалі захворваньне на сыбірскую язву ў Флорыдзе. Але вядома, што некалькі тэрарыстаў, якія ўчынілі акт 11 верасьня, жылі ў Флорыдзе – сярод іх Махамад Атта, які прызнаецца ўладамі завадатарам усёй акцыі.

Спачатку, калі сыбірская язва зьявілася ў Флорыдзе, найбольш верагоднай вэрсіяй лічылася, што распаўсюджваньне хваробы сталася наўмысным актам чалавека, чымсьці незадаволенага, аднак не зьвязанага з тэрарызмам. Але новыя выпадкі заражэньня ў Нью-Ёрку, Нэвадзе і Вашынгтоне зрабілі рэальнай вэрсію, што амэрыканцы ўпершыню ў гісторыі сутыкаюцца з біятэрарызмам, поўная ступень якога пакуль невядомая.

Сьледчым ФБР відавочна нялёгка апошнімі днямі ісьці ў нагу з вірам паведамленьняў пра новыя выпадкі захворваньняў і дасьледаваць хваробу, якую разумеюць вельмі няшмат з агентаў. Гэта тым больш складана, бо хвароба можа выяўляцца не адразу, а толькі пазьней з дапамогай больш дасканалых аналізаў.

Прадстаўнікі ФБР кажуць, што сьледчыя спрабуюць высачыць крыніцу паходжаньня заражаных лістоў, але іхная задача ўскладнена тым, што ў цэнтры сартыроўкі пошты ў Трэнтане, сталіцы штату Нью-Джэрзі, апрацоўваецца карэспандэнцыя 46 паштамтаў і 300 паштовых скрынак. Агенты ФБР зараз праглядаюць стужкі з відэакамэраў, разьмешчаных у калідорах паштовых офісаў, спрабуючы апазнаць чалавека, які дасылаў заражаныя лісты. Але вулічныя паштовыя скрынкі ня маюць аніякіх камэраў, таму магчымасьць таго, што злачынца будзе знойдзены на стужцы, пакуль малаверагодная.

XS
SM
MD
LG