Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЭФІРЫ АФГАНІСТАНУ ІДЗЕ РАДЫЁВАЙНА


Сяргей Шупа, Прага

Калі слупы пылу асядаюць на зямлю, у навакольлі ўключаюцца транзыстарныя прыймачы і пачынаецца прапагандысцкая вайна. Будням радыёвяшчаньня ў сёньняшнім Афганістане прысьвечаны артыкул у газэце Christian Science Monitor.

Пакуль не пачаліся бамбаваньні, афіцыйная радыястанцыя талібаў «Голас Шарыяту» напаўняла радыёхвалі рэлігійнымі прамовамі і афіцыйнымі дэкрэтамі. Сваіх апанэнтаў талібы называлі «сіламі зла і распусты».

Сёньня радыё талібаў маўчыць – перадатчык быў зьнішчаны ў першыя дні бамбаваньня. Цяпер у эфіры пануюць амэрыканскія радыёстанцыі, якія ўдзельнічаюць у шырокай псыхалягічнай апэрацыі, якую праводзяць амэрыканскае вайсковае камандаваньне і ЦРУ ў Афганістане. Мэта апэрацыі – упэўніць афганцаў, што ім няма чаго баяцца амэрыканскай антытэрарыстычнай кампаніі. Апрача гэтага працуе і радыёстанцыя, якая сымпатызуе афганскай апазыцыі - «Голас Міру».

«Мы тут не на тое, каб прынесьці вам шкоду. Мы хочам затрымаць Усаму бін Лядэна, ваяўнікоў «Аль-Каіды» і тых, хто іх падтрымвае, - абвяшчаецца ў амэрыканскіх перадачах на мове дары, на якой гаворыць бальшыня антыталібскай апазыцыі. – Мы не зьбіраемся калянізаваць вашу краіну або спусташаць яе».

У праграмах на мове пушту – мове этнічнай групы, зь якой паходзіць бальшыня талібаў – перадаюцца парады не замінаць амэрыканскім апэрацыям, трымацца далей ад мастоў, лягероў падрыхтоўкі тэрарыстаў і ваенных аб’ектаў. «У вашай краіне пануюць тэрарысты і прыгнятальнікі. Вайна з гэтымі фанатыкамі, якія жывяцца крывёю афганскага народу, ня можа быць выйграная бяз вашай дапамогі», - гаворыцца ў амэрыканскіх праграмах.

Амэрыканскае вяшчаньне вядзецца з шасьці адмыслова абсталяваных самалётаў Commando Solo. У праграмах гучыць традыцыйная музыка і ваяўнічыя проамэрыканскія і антыталібскія прамовы. Выступаюць у перадачах і жанчыны – гэта выклік рэжыму талібаў, які забараняе жанчынам працаваць па-за домам.

Тым часам за лініяй фронту, на тэрыторыі кантраляванай Паўночным Альянсам, тры тыдні таму пачала працаваць новая афганская радыёстанцыя ­ «Голас Міру». Вяшчаньне вядзецца зь цеснага пакойчыка ў вайсковай казарме праз маленечкі FM-перадатчык.

«Наша мэта – мір. Мы працуем дзеля міру і шукаем шляхоў да міру», - кажа дырэктар станцыі Мухамад Алам Эзэдгар. Ён цьвердзіць, што ягоная станцыя незалежная, аднак у перадачах відавочна заўважаецца прыхільнасьць да апазыцыі. «Афганскі народа ня хоча талібаў, - кажа ён. – Наша радыё салідарнае з народам».

Француская арганізацыя «Свабода слова» падаравала станцыі радыёабсталяваньне і два генэратары. Яна абяцае таксама прывезьці больш магутны перадатчык, каб узмоцніць сыгнал. Паводле радыё, яно апкуль ня мела ніякай падтрымкі з боку Амэрыкі.

Праграмы «Голасу Міру» выходзяць двойчы на дзень. Яны пачынаюцца пяціхвілінным чытаньнем з Курану. Дзесяць карэспандэнтаў працуюць непасрэдна зь лініі фронту і перадаюць матэрыялы праз вайсковыя рацыі. Дыктары – мужчыны і жанчыны – зачытваюць лісты слухачоў. Гучыць музыка на пушту і дары.

«Калі амэрыканцы дадуць нам добрае радыё, каб можна было вяшчаць на ўсю краіну ці нават за яе межы – гэта было б для нас вельмі важна», - кажа намесьнік дырэктара радыёстанцыі «Голас Міру» Наджыб Раса.

XS
SM
MD
LG