Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ РЫХТУЮЦЦА ДА АПОШНЯГА СУПРАЦІЎЛЯЦЦА БУДАЎНІКАМ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Сёньня лягер абаронцаў Курапатаў некалькі разоў наведвалі міліцыянты з Раённай управы ўнутраных справаў. Адзін зь іх, маёр, пакінуў свой нумар тэлефону і параіў тэлефанаваць, калі тут нешта здарыцца. Міліцыянты таксама паабяцалі, што будуць прыходзіць сюды некалькі разоў на дзень і адсочваць сытуацыю.

Цяпер абаронцы Курапатаў рыхтуюцца да зімы – сякуць дровы, хутка будзе ўсталяваны вялікі вайсковы намёт з “буржуйкай”, бо ночы сталі вельмі халодныя. Прыкладам, учора ўначы было каля 5 градусаў марозу і сагрэцца было магчыма толькі каля вогнішча.

Наагул цяпер пачынаецца найбольш складаны этап для абаронцаў Курапатаў. Калі першыя дні была вялікая цікавасьць, людзі прыходзілі сюды, прыносілі харчы, дапамагалі хто чым можа, то цяпер трымацца становіцца ўсё цяжэй. Не хапае харчоў, а часам і проста ўвагі грамадзкасьці. У лягеры часта гавораць пра тое, што пра іх проста забыліся. Побач са мной знаходзіцца актывіст руху Зубар Мікіта Стахім”.

(Стахім: ) “У нас такое ўражаньне, што на нас усе забыліся. Першая хваля цікавасьці спала, і зараз тут мала хто зьяўляецца”.

(Караткевіч: ) “Хутка могуць пачацца будаўнічыя працы. Які настрой у вас, што будзеце рабіць?”

(Стахім: ) “Будзем заставацца тут да апошняга. Покуль будзем жывыя, дарогі тут не пабудуюць. Да маразоў мы зараз рыхтуемся, хутка паставім намёт зь печкай – будзе цёпла. Адзінае, чаго хацелася б папрасіць, каб людзі сюды прыходзілі хаця б падтрымаць нас. Мы падтрымліваем ідэю прыносіць сюды свае камяні, каб збудаваць свой мэмарыял”.

(Караткевіч: ) “Чаго патрабуеце ў першую чаргу?”

(Стахім: ) “Добра было б, каб людзі прынесьлі коўдры. А так усё нармалёва, ежы пакуль што хапае, сядзім…”

(Соусь: ) “Я яшчэ дадам, што цяпер у Курапатах зьявіўся плякат “А вы паставілі крыж у абарону Курапатаў?” і заклік “Ідзеце ў Курапаты – там кожны дзень павінны быць людзі. Рэжым задумаў зьнішчыць самую балючую старонку нашай нацыянальнай памяці. Стаўце крыжы, баранеце сьвятыню”. Дарэчы, пра крыжы. Сёньня я была сьведкай, як будаўнікі фатаграфаваліся побач з крыжамі. Магчыма, яны сьпяшаліся зрабіць здымак на памяць, бо хутка ім давядзецца накіроўваць тэхніку на гэтыя крыжы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG