Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУПНЫЯ “ДАЖЫНКІ” АДБУДУЦЦА Ў ПОЛАЦКУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Месца, пра якое ідзе гаворка, памятае Рагвалода і Ўсяслава, тут, пракаветным часам, нарадзілася беларуская дзяржава, а таму яно зьяўляецца культавым. Статус гэты замацаваны й юрыдычным чынам: Верхні замак абвешчаны ахоўнай тэрыторыяй Полацкага дзяржаўнага гістарычнага запаведніка і там забароненае ўсялякае будаўніцтва.

Тым ня менш, у нетрах мясцовай вэртыкалі нарадзілася ідэя — збудаваць на Сафійскім пагорку амфітэатар, на якім і разгорнуцца галоўныя дажынкаўскія мерапрыемствы. Ідэю гэтую ўхваляе ня хто-небудзь, а сам кіраўнік гарадзкой вэртыкалі спадар Тачыла, а адзіны, хто яму апануе — спадар Ушак, які займае пасаду загадчыка аддзелу культуры гарвыканкаму. Ён, практычна на самоце, і змагаецца за тое, каб амфітэатар быў збудаваны дзе ў іншым месцы.

Аргумэнты, якімі апэруюць адэпты такой ідэі, наступныя: амфітэатар, маўляў, станецца своеасаблівым прыцягальным цэнтрам, зробіць пракаветную мясьціну культурніцкай дамінантай, да таго ж, схілы Сафійскага пагорку надта зручныя дзеля разьмяшчэньня падобнага аб'екту, і, да ўсяго, правядзеньне "Дажынак" непасрэдна ля муроў Сьвятой Сафіі — патрабаваньне тэлевізійнікаў, якія будуць даваць на тэлеэкраны сьвяточную "карцінку".

Карэспандэнт Радыё Свабода зьвяртаўся да работнікаў Полацкага гістарычнага запаведніка з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю, але яны ад камэнтароў устрымаліся, сказаўшы, што пытаньне прывязкі амфітэатру яшчэ канчаткова ня вырашанае. Праўда, адна з жанчын з жалем у голасе заявіла, што нават за брэжнеўскім часам, калі ў кожным двары стаялі так званыя агітпляцоўкі, будаваць іх на Сафійскім пагорку не выпадала.

Ну, а мясцовае грамадзтва ўспрыняла такую ідэю крайне нэгатыўна: вядомы краязнаўца Міхась Баўтовіч паведаміў Радыё Свабода, што палачане сьвятое месца скрыўдзіць не дадуць і, у выпадку станоўчага рашэньня аб будаўніцтве амфітэатру на Верхнім замку, зьбіраюцца апэляваць ня толькі да гісторыкаў нашай краіны, але й да эўрапейскай грамадзкасьці.

Тым часам на Верхнім замку ўжо пачалі высякаць старыя дрэвы. Праўда, паводле заявы кіраўніка камунальных службаў, робіцца гэта не ў зьвязку з будучым будаўніцтвам, а дзеля асьвятленьня тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG