Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ЭКСПЭРТЫ МЯРКУЮЦЬ, ШТО ЗЬНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА ЗША ПАВІННА ЗЬМЯНІЦЦА


Мікола Іваноў, Прага

Міжнародныя аналітыкі лічаць, што вяртаньне міру ў Афганістан будзе вельмі складаным заданьнем. І каб яго ажыцьцявіць, патрэбная карэнная зьмена ў замежнай палітыцы ЗША. Адміністрацыя прэзыдэнта Буша павінна адмовіцца ад ізаляцыянісцкай рыторыкі, якая вельмі часта гучала ў пэрыяд перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Тады Буш і ягоная каманда адкрыта гаварылі пра неабходнасць вываду амэрыканскіх міратворцаў з Бальканаў і адмовы ад дарагіх “гуманітарных акцыяў”.

І калі праўда тое, што сьвет выразна зьмяніўся пасьля 11 верасьня, дык зусім няясна, наколькі прэзыдэнт Буш і ягоная каманда гатовыя зьмяніць амэрыканскую замежную палітыку ў галіне ўнутранага разьвіцьця іншых краінаў і ў галіне замежнай дапамогі.

Сёньня пасьля амаль двухтыднёвага бамбаваньня базаў тэрарыстаў і іншых ваенных аб’ктаў у Афганістане амэрыканская вайсковая апэрацыя ўступае ў новую фазу, фазу непасрэднай падтрымкі антыталібскай кааліцыі і зьвяржэньня ўлады талібаў.

Але што будзе ў гэтай краіне пасьля талібаў? Якім чынам можна збудаваць мірны і дэмакратычны Афганістан, які ўжо ніколі ня будзе прытулкам для міжнародных тэрарыстаў? І як увогуле зьменіцца амэрыканская палітыка ў дачыненьні да іншых, пераважна бедных краінаў? Сара Мэндэльсон, аналітык Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, адказвае на гэтае пытаньне наступным чынам:

(Мэндэльсон: ) “Праблема ў тым, што цяпер падставай інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі ЗША будзе ўнутранае разьвіцьцё іншых краінаў. Ведаеце, беднасьць, па-сутнасьці, гэта праблема бясьпекі”.

Чарльз Фэербанкс, экспэрт у справах Цэнтральнай Азіі ўнівэрсытэта Джона Гопкінса згаджаецца з гэтым пунктам гледжаньня. На ягоную думку, адной з прычынаў тэрарыстычнага нападу на ЗША было тое, што Амэрыка на працягу апошняга дзясяцігодзьдзя практычна ігнаравала Афганістан:

(Фэербанкс: ) “Я думаю, што Ўсясьветны гандлёвы цэнтар стаяў бы на сваім месцы, калі б на пачатку 90-х гадоў мы не зрабілі памылку і не дазволілі стварэньня вакууму ўлады і хаосу ў Афганістане. Талібан зьявіўся, каб запоўніць гэты вакуум улады. Талібы праявілі прыхільнасьць да нашых самых скрайніх ворагаў і далі ім прытулак. Гэта можна было прадухіліць”.

Бальшыня аналітыкаў упэўненая, што цяпер адміністрацыя Буша павінна актыўна падтрымаць адбудову Афганістану, асабліва ў галіне эканомікі ў адказ на стварэньне шырокага кааліцыйнага ўраду, які разарве ўсе сувязі зь міжнародным тэрарызмам.

Аднак, прадстаўнікі адміністрацыі Буша мала гавораць на гэтую тэму. Сам Джордж Буш наступным чынам ахарактарызаваў будучую ролю ЗША і ААН у адбудове Афганістану.

(Буш: ) “Адну з галоўных рэчаў, якія мы павінны зрабіць, - гэта даць магчымасьць усім партыям, усім зацікаўленым партыям, увайсьці ў склад новага афганскага ўраду, мы не павінны даваць перавагу той ці іншай групе ўнутры Афганістану. Па-другое, мы павінны працаваць дзеля стварэньня стабільнага Афганістану, каб ягоныя суседзі ўжо не баяліся, што з гэтай краіны зноў выйдзе тэрарызм. Па-трэцяе, трэба будзе выкараніць наркагандаль з тэрыторыі Афганістану. Я спадзяюся, што ААН створыць неабходныя варункі для ажыцьцяўленьня гэтых мэтаў”.

Аднак, некаторыя аналітыкі не падзяляюць погляд, што ЗША павінны актыўна ўдзельнічаць ва ўнутраным афганскім жыцьці. Тэд Гален Карпэнтэр з Вашынгтонскага дасьледчага цэнтру Като выказвае наступную думку:

(Карпэнтэр: ) “Роля ЗША павінна быць абмежаваная. Іншымі словамі, мы павінны імкнуцца да сытуацыі ў Афганістане, калі тэрарысты ня маюць прытулку, а афганскі ўрад не дапамагае ім. Было б добра, каб пост-талібскі ўрад быў бы дэмакратычны, талеранты, а ў дадатак яшчэ і дэмакратычны. Але гэта ня самае важная мэта, альбо не павінна быць важнай мэтай палітыкі ЗША”.

Апошнімі днямі заходнія і эўраазіяцкія краіны імкнуцца дасягнуць кансэнсусу ў справе стварэньня пасьляталібскага ўраду Афганістану. На чале яго, праўдападобна, стане былы афганскі манарх Захір Шах, які карыстаецца падтрымкай як пуштунскай бальшыні краіны, так і нацыянальных меншасьцяў - узбэкаў і таджыкаў. А гэта першы важны крок ў адбудове Афганістану. Прыгадаем, што рух талібаў пераважна падтрымліваецца пуштунамі, а апазыцыйны паўночны альянс – нацыянальнымі мяншынямі.

XS
SM
MD
LG