Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАЎТРА – СУД НАД СПЭЦНАЗАЎЦАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Разам з былым спэцназаўцам Ігнатовічам на лаву падсудных сядуць таксама былыя вайскоўцы Малік, Гуз і Савушкін. Паводле сьледчых пракуратуры, гэтыя чацьвёра ўтварылі банду, якая некалькіх чалавек забіла, нарабавала маёмасьці на дзясяткі мільёнаў рублёў ды выкрадала людзей.

Сьледчыя перакананыя, што менавіта гэтая чацьвёрка 7 ліпеня 2000 году скрала апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага — нібыта каб адпомсьціць Завадзкаму за тое, што з-за яго даведаліся пра ўдзел Ігнатовіча ў чачэнскіх падзеях.

Чаму менавіта Завадзкаму вырашыў помсьціць Ігнатовіч, калі пра ягоную чачэнскую эпапэю паведамлялі розныя мэдыі? Куды падзеўся выкрадзены журналіст? Якое дачыненьне Ігнатовіч і ягоныя хаўрусьнікі маюць да іншых зьнікненьняў у Беларусі? Гэтыя пытаньні паўстаюць пасьля азнаямленьня з вэрсіяй сьледчых, але ўсе гэтыя цёмныя плямы справы сьледчыя старанна абыходзяць.

Ці закране іх суд, з пэўнасьцю прадказаць сёньня ніхто не бярэцца. Таму жонка зьніклага апэратара ОРТ Сьвятлана Завадзкая не спадзяецца пачуць праўду пра свайго мужа на гэтым працэсе.

(Завадская: ) "Столькі часу прайшло, як яны маглі не сказаць, куды падзелі Дзіму? Таму мяркую, што гэты суд проста паказальны — каб зрабіць выгляд, што пра аднаго са скрадзеных адрапартавалі".

Сьвятлана Завадзкая тлумачыць закрытасьць працэсу апасеньнямі, што абвінавачаныя пад уплывам адвакатаў могуць распавесьці нешта непажаданае для ўладаў. Пры гэтым яна ня думае, што Ігнатовіч, Малік ці Гуз будуць адмаўляцца ад ранейшых паказаньняў, бо адносна ейнага мужа яны нічога істотнага сьледзтву не паведамілі. Сьвятлана Завадзкая не бярэцца прадказаць вынік працэсу.

А калега Зьмітра Завадзкага па ОРТ Павал Шарамет не выключае, што працэс завершыцца даволі хутка і абвінавачаныя атрымаюць найвышэйшую меру пакараньня: "Такі прысуд патрэбны ўладам Беларусі, каб хутчэй пра гэтую гісторыю з выкраданьнем журналіста ўсе забыліся", — мяркуе Павал Шарамет. На ягоную думку, выратаваньне жыцьцяў абвінавачаных залежыць толькі ад іх, ад таго, ці рызыкнуць яны распавесьці пра тое, на каго працавалі.

(Шарамет: ) "Я лічу, што яны ўдзельнічалі ў выкраданьні Завадзкага, я ў гэтым перакананы, але яны былі толькі адным зьвяном у гэтай апэрацыі. Калі яны будуць і надалей маўчаць, іх зробяць галоўнымі адказнымі, а калі пачнуць адказваць на пытаньні, то, магчыма, для іх нешта і зьменіцца".

Між тым, паводле Аляксандра Ігнатовіча (ён бацька абвінавачанага Валер'я Ігнатовіча) ягоны сын не прызнае сябе вінаватым у выкраданьні Завадзкага і чарговы раз абвесьціў галадоўку. Здароўе Валер'я Ігнатовіча вельмі слабое, паведамляе мэдыям ягоны бацька. Пра тое, як пачуваюцца ў турме астатнія абвінавачаныя, невядома.

Нагадаю, што інтарэсы Сьвятланы Завадзкай у судзе будзе бараніць адвакат Ігар Аксёнчык зь Ленінскай раённай адвакатуры, а грамадзкім прадстаўніком яна плянуе ўзяць юрыста Андрэя Бастунца зь Беларускай асацыяцыі журналістаў. А вось прадстаўнікоў ОРТ на працэс, паводле Паўла Шарамета, ня пусьцяць.

Між тым міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на адной з прэсавых канфэрэнцыяў публічна абяцаў, што прадстаўніку ОРТ як арганізацыі, чый супрацоўнік пацярпеў ад абвінавачаных, дазволяць прысутнічаць нават на закрытым працэсе.

Суд пачнецца заўтра а 10-й гадзіне, і многія журналісты зьбіраюцца прыйсьці да Вярхоўнага Суду ў гэты час.

XS
SM
MD
LG