Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ІНТЭРНЭТ НАЛІЧВАЕ АМАЛЬ 3 000 ДАМЭНАЎ "КРОПКА.BY", АЛЕ ТОЛЬКІ ЧАСТКА ІХ ПРАЦУЕ


Юры Сьвірко, Менск

Трэці штогадовы беларускі Інтэрнэт-форум пройдзе ў Менску 29 лістапада ў Міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) на праспэкце газэты "Правда".

Сёньня арганізатары форуму ладзілі прэсавую канфэрэнцыю, дзе Жана Грынюк зь бізнэсовае школы Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту заявіла, што галоўная праблема беларускага Інтэрнэту — ня колькасьць карыстальнікаў, як шмат хто думае. Паводле спадарыні Грынюк, галоўная праблема палягае ў наступным:

(Грынюк: ) "Па-ранейшаму, як у вядомай байцы Крылова, малпа ставілася да акуляраў".

Жана Грынюк зазначыла, што адна зь місіяў лістападаўскага форуму — прасоўваньне беларускае бізнэсовае эліты ў напрамку такога важнага бізнэс-рэсурсу як Інтэрнэт.

Прысутны на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік галоўнага правайдэра — дзяржаўнага аб’яднаньня "Белтэлекам" — паведаміў, што кожны год адбываецца павелічэньне ўдвая мажлівасьцяў доступу ў сеціва.

Міністэрства сувязі выдала больш як 40 ліцэнзіяў на прадастаўленьне паслугаў перадачы зьвестак — так у гэтым ведамстве называецца Інтэрнэт. На 1-га верасьня гэтымі паслугамі "Белтэлекаму" скарысталіся 46 500 суб’ектаў — і чалавек, і прадпрыемстваў, а на пачатку гэтага году было толькі 32 500 карыстальнікаў.

Між тым арганізатары трэцяга Інтэрнэт-форуму прагназуюць, што ўсяго на канец 2001 году ў Беларусі будзе каля 150 тысяч карыстальнікаў сеціва.

На маё пытаньне, ці задавальняе беларускіх інтэрнэтчыкаў сыстэма рэгсітрацыі імёнаў, або дамэнаў, менавіта ў беларускай зоне ".by", адказаў дырэктар Інтэрнэт-форуму "by2001" Іван Пятровіч:

(Пятровіч: ) "Наш Інтэрнэт такі, якога мы заслугоўваем. І вось нашае мерапрыемства ў тым ліку й спрабуе зрабіць гэты Інтэрнэт іншым, таму што яно ўжо трэці год падсумоўвае ягоныя вынікі й спрабуе маніторыць гэтую сытуацыю.

Што да колькасьці дамэнных імёнаў, цэнаў — я скажу такую рэч. Так, яны нехарошыя. Так, яны не падабаюцца ні мне, ні вам, нікому".

Іван Пятровіч дадаў, што спадзяецца на зьмены ў палітыцы рэгістрацыі тых Інтэрнэт-адрасоў, якія заканчваюцца літарамі BY, а прадстаўнік "Белтэлекаму" нават заявіў, што гэтыя зьмены адбудуцца да канца году. Але дырэктар Інтэрнэт-форуму спадар Пятровіч працягваў:

(Пятровіч: ) "Пра колькасьць дамэнных імёнаў. Насамрэч, гэта закрытая інфармацыя, але гэта такі сакрэт Палішынэля, таму што калі вы зойдзеце на адрас www.domain.atlas.com, дык там ёсьць пералік усіх дамэнных імёнаў у зоне .by. І сёньня я заходзіў — там 2960 дамэнных імёнаў у зоне зараз занятыя. Іншая справа, што частка гэтых дамэнных імёнаў пакуль яшчэ пустыя. То бок яны занятыя на пэрспэктыву нейкую".

Што да пэрспэктываў форуму, дык спадар Пятровіч выказаў меркаваньне, што адключэньне некаторых грамадзка-палітычных беларускіх сайтаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня будзе на ім абмяркоўвацца.

(Пятровіч: ) "Так, нас адключалі, але нас не адключылі. І Інтэрнэт немажліва адключыць. Тое, чым мы займаемся, — гэта справа будучыні. І я думаю, што Інтэрнэт яшчэ больш актуальны, чым быў да 9 верасьня", — заявіў Іван Пятровіч, дырэктар Інтэрнэт-форуму "by2001", які адбудзецца пры канцы лістапада.

XS
SM
MD
LG