Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС БЕЛАРУСІ НЕ РЭАГУЕ НА НОТЫ АМБАСАДЫ КАЗАХСТАНУ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле амбасадара Алесіна, ягоная краіна зараз па некаторых пазыцыях ёсьць лідэрам у Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Напрыклад, у Казахстане самы высокі сярэдні заробак — 130 даляраў на месяц, і пры гэтым, адзначыў казаскі дыплямат, цэны на харчы там ніжэйшыя, чым у Беларусі.

Прырост сукупнага ўнутранага прадукту Казахстану сёлета перавышае леташні паказчык на 14%. Сёлета за першае паўгодзьдзе замежныя інвэстыцыі ў эканоміку краіны склалі паўтара мільярда даляраў.

Эўрапейскі Зьвяз яшчэ летась прызнаў Казахстан краінай з рынкавай эканомікай.

Пасьля такога паведамленьня я спытаўся ў амбасадара, як ён можа патлумачыць артыкул у "Советской Белоруссии" (надрукаваны незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі), дзе Казахстан быў прадстаўлены як краіна зь нізкім узроўнем эканомікі. Там пісалі пра Казахстан як пра краіну, у якой, адрозна ад Беларусі, дрэнна жывецца простым людзям. І ці атрымала амбасада адказ на сваю ноту, якую яна даслала ў Міністэрства замежных справаў Беларусі пасьля публікацыі прэзыдэнцкай газэты?

Уладзімер Алесін адказаў на гэтае пытаньне:

(Алесін: ) "Я буду з вамі шчыры. На жаль, мы так і не атрымалі адказу на гэтую ноту. Дарэчы, было дзьве ноты. Адну вы бачылі, пазьней мы накіравалі яшчэ адну ноту. Адказу няма. І нашыя кансультацыі з МЗС скончыліся практычна нічым".

Сёлета таваразварот паміж Беларусьсю і Казастанам, на думку амбасадара, зьменшыцца. І справа ня толькі ў тым, што цяпер Беларусь купляе менш цаліннага збожжа. Гаворыць амбасадар Алесін:

(Алесін: ) "Шмат якія тавары беларускай вытворчасьці Казахстан купляе ў Расеі, таму што там гэтыя цэны ніжэйшыя, чым у Беларусі. Тут, мабыць трэба думаць і беларускім вытворцам, і пра цэнавую палітыку, і пра нейкую палітыку, што зьвязаная з пастаўкамі беларускіх тавараў у Расею".

Паводле словаў Уладзімера Алесіна, далучэньне да саюзу Беларусі й Расеі не адпавядае нацыянальным інтарэсам Казахстану.

Выказаў казаскі дыплямат і сваё стаўленьне да антытэрарыстычнай апэрацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ён ня лічыць, што ўдзел у гэтай акцыі можа паспрыяць развалу СНД.

(Алесін: ) "Мы вызначыліся ў сваёй палітыцы. Мы падтрымліваем тыя мерапрыемствы, што праходзяць цяпер у рамках барацьбы з тэрарызмам. Падтрымліваем і будзем падтрымліваць. І наўрад ці гэта прывядзе да распаду СНД. Да распаду СНД можа прывесьці бязьдзейнасьць".

XS
SM
MD
LG