Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ ПРЭЗЫДЭНТ ХОЧА ЗЬМЯНІЦЬ ЗАКОН АБ ЛЮСТРАЦЫІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Прэзыдэнт лічыць, што папраўкі, якія ён учора перадаў у Сэйм, дапамогуць у будучым паўзьбегнуць несправядлівых абвінавачваньняў. Аднак, паводле прадстаўнікоў парлямэнцкай апазыцыі, посткамуністы, якія прыйшлі напярэдадні да ўлады, гэткім чынам хочуць абараніць сябе ад магчымых дасьледаваньняў свайго мінулага.

У Польшчы кожны, хто прэтэндуе на кіраўнічую пасаду ў дзяржаўнай установе альбо ёсьць абраным ва ўладныя структуры ў часе выбараў, мусіць асабіста прадставіць у адпаведную службу так званую люстрацыйную заяву, якая ўтрымлівае афіцыйнае паведамленьне, што гэты кіраўнік альбо дэпутат не супрацоўнічаў са спэцслужбамі “сакрэтна і сьвядома у якасьці інфарматара альбо памочніка ў справе здабыцьця неабходнай інфармацыі”.

На думку Аляксандра Квасьнеўскага, гэткая фармулёўка закону занадта агульна акрэсьлівае паняцьце “супрацоўніцтва” ды пакідае шматлікія магчымасьці для несправядлівага абвінавачваньня палякаў, якія нічога дрэннага для краіны не зрабілі. Прэзыдэнт лічыць, што няварта, да прыкладу, абвінавачваць грамадзянаў, якія супрацоўнічалі з разьведкай, контрразьведкай ды службай абароны межаў, бо гэтыя людзі працавалі на карысьць дзяржавы.

У праекце зьменаў ёсьць таксама пункт, паводле якога простай наяўнасьці чалавека ў сакрэтных сьпісах спэцслужбаў недастаткова – трэба давесьці, што праз сваё супрацоўніцтва ён дапамагаў рэжыму Польскай Народнай Рэспублікі змагацца з апазыцыяй.

Аднак прадстаўнікі парлямэнцкай апазыцыі лічаць, што сацыяліст Квасьнеўскі, маючы цяпер парлямэнт, дзе дамінуюць левыя, Саюз Левых Дэмакратаў і Вунія Працы, праз свае папраўкі хоча абараніць посткамуністаў ад магчымых дасьледаваньняў іхнага мінулага.

“Гэтыя папраўкі ў пэўнай ступені вызваляюць ад адказнасьці былых сяброў Польскай Аб’яднанай Рабочай партыі, сярод якіх шмат цяпер займаецца палітыкай у Саюзе Левых Дэмакратаў. Гэта робіцца паводле інтарэсаў пэўнай групы людзей”, - заявіў напярэдадні ў часе тэледэбатаў дэпутат Сэйму ад апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Анджэй Качыньскі.

Ад сярэдзіны дзевяностых, калі закон аб люстрацыі зацьвердіў Сэйм, шэраг вядомых у Польшчы людзей былі абвінавачаныя люстрацыйным судом у сьвядомым утойваньні свайго супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Сярод іх нават былы прэм’ер міністар кааліцыйнага левага ўраду Юзэф Алексы, шэраг дэпутатаў Сэйму а таксама кіраўнікі вядомых у Польшчы сродкаў масавай інфармацыі.

Паводле люстрацыйнага заканадаўства, грамадзянін, які сьвядома ўтойваў факт свайго супрацоўніцтва са спэцслужбамі камуністычнага рэжыму, на дзесяць гадоў пазбаўляецца права займаць кіруючыя пасады ў дзяржаўных установах а таксама займацца палітыкай.

Цяпер прапанаваныя праз Аляксандра Квасьнеўскага папраўкі будзе разглядаць новы Сэйм, сярод дэпутатаў якога шмат былых сябраў Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі.
XS
SM
MD
LG