Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. АНТРАКС РАЗБУРАЕ ВІРТУАЛЬНУЮ ПРАСТОРУ


Вольга Караткевіч, Прага

Аўтар лісту гаворыць пра тое, што ў распаўсюджаным файле ёсьць фотаздымак з візуальнымі сымптомамі язвы". Вірус перазапісвае сябе сам наверх файлаў. Спэцыялісты Лябараторыі пракамэнтавалі зьўленьне новых шкодных праграмаў і паведамілі ўжо пра два Інтэрнэтныя чарвякі, якія распаўсюджваюцца пад выглядам вельмі важнай інфармацыі пра сібірскую язву. Лябараторыя Каспэрскага рэкамэндуе карыстальнікам не адкрываць файлы, замаскаваныя пад паведамленьні пра сібірскую язву (ангел. “anthrax”, гішп. Antrax).

Тым часам папулярныя сайты беларускіх СМІ апытваюць наведнікаў адносна разьвіцьця падзеяў, зьвязаных з антытэрарыстычнай кампаніяй у Афганістане і яе наступствамі.
Радыё Свабода існуе пытаньне, ці ёсьць у Беларусі рэальная небясьпека тэрактаў з боку мусульманскіх фундамэнталістаў? Пераважная бальшыня чытачоў сайту Свабоды – больш за 70 працэнтаў лічаць, што – не. Сваё меркаваньне вы можаце выказаць, клікнуўшы www.svaboda.org /

А вось у тое, што Беларусь можа стаць ахвярай біялягічнай атакі наведнікі беларускага Інтэрнэту вераць. На пытаньне Белоруской Деловой Газеты www.bdg,by Ці можа сібірская язва пранікнуць на тэрыторыю Беларусі? Больш за 60 працэнтаў адказалі станоўча.

Адной з галоўных навінаў у Беларускім Сеціве – спыніў сваю працу стайт Хартыі-97. Правільней сказаць ня сайт, а ягоная інфармацыйная старонка. Форум на сайце працуе, асноўныя тэмы дыскусіі на ім – вайна ў Афганістане, падзеі ў Курапатах. Можа зацікавіць дыскусія “Сьвежым анэкдотам па рэжыму”. Маю ўвагу ўзяла тэма – Праблемы мовы ў часопісе Кур’ер. Гэты форум адкрыла позна ўначы 17-га кастрычніка нехта Эсмэральда2, яна заклікае наведнікаў сайту Хартыі-97 далучыцца да яе акцыі змаганьня з – цытую “няўхільным курсам на русыфікацыю” часопіса. “Мне дзіка не падабаецца гэтая падробка пад беларускасьць, калі зьмест часопіса напісаны пабеларуску, а ўнутры няма ніводнага артыкула на беларускай мове”. Падобныя звароты Эсмэральда зьмясьціла на многіх сайтах. Мы запрасілі Эсмэральду да ўдзелу ў адной з бліжэйшых перадачаў Беларускі дыялёг на Інтэрнэце, каб шырэй пагаварыць пра мову беларускіх выданьняў, у тым ліку Інтэрнэт, а таксама, ці эфэктыўна скарыстоўваць Сеціва як канал для крытыкі.

А на тэму спыненьня інфармацыйнай працы ОН-Лайн сайту Хартыі-97 таксама створаны форум. Адзін удзельнік напісаў: “Да сустрэчы ў Гішпаніі, сябра Бябеніна…” Адрас сайту: www.charty97.org

23-га кастрычніка павінен адбыцца суд над газэтай Пагоня, газэта пад пагрозай закрыцьця. Пагоня – адна з нешматлікіх беларускіх рэгіянальных гаэтаў, якая прадстаўленая ў Інтэрнэце. Сайт Пагоні абнаўляецца кожны чацьвер, адрэса: www.pahonia.promedia.minsk.by . Як рэдакцыя бачыць працу сайта пры магчымай адсутнасьці папяровай вэрсіі? На сувязі ў Горадні галоўны рэдактар Пагоні Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Я не хацеў бы гаварыць толькі пра сайт. Я хацеў бы проста сказаць, што ніколі Пагоня ня скорыцца. Яна мае 700 гадоў, а гэтым людзям літаральна некалькі гадоў, і яны хочуць нешта зрабіць газэтай, якая заваявала ўжо такую чытацкую аўдыторыю, такую папулярнасьць і такі аўтарытэт. Я ўжо не кажу пра сайт. Калі толькі, ня дай Бог, яны прымусяць нас, каб мы дзейнічалі нелегальна ці напаўлегальна, мы будзем рабіць усё, каб у Інтэрнэце Пагоня пашырылася надзвычайна”.

(Караткевіч: ) “Ці ёсьць нейкая статыстыка, як шырока чытаюць ваш сайт?”

(Маркевіч: ) “Трэба сказаць, што наш сайт – адзін з самых маладых, мы ў асноўным арыентуемся на беларускія каталягі, лічыльнікі br.by, Акавіту. Сёньня вельмі прыемна, што газэта ўвайшла паводле рэйтынгу ў межах 20-ці, мы выстаўляемся на першай старонцы. У прыватнасьці, сёньня – мы 24-я ў некалькіх тысячах рэсурсаў br.by. У Акавіце мы 12-я, наперадзе толькі такія “монстры” як Радыё Свабода, Рацыя, БДГ. Я думаю, што гэта толькі пачатак”.

(Караткевіч: ) “Калі Вы сказалі пра магчымасьць пашырэньня прысутнасьці ў Інтэрнэце, як Вы сабе гэта ўяўляеце?”

(Маркевіч: ) “Сёньня ў нас нелька сказаць, што сайт – сайт у поўным сэнсе гэтага слова. Мы выстаўляем Інтэрнэт-вэрсію газэты Пагоня, папяровай газэты. Мы павінныя выкарыстаць нейкія моманты са спэцыфікай Інтэрнэту, каб пашырыць уплыў. Потым, мы вядомыя і выстаўленыя толькі ў беларускіх каталёгах, але ёсьць расейскія, заходнеўрапейскія, расейскія каталёгі, там мы зусім адсутнічаем”.

Сайты Беларускіх апазыцыйных партыяў пасьля верасьнёўскіх выбараў марудна зьмяняюць падыход да інфармацыйнай пабудовы, абнаўляюцца зрэдку. Адметным у лепшы бок тут сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі – www.ucpb.org . Днямі ў разьдзеле Дакумэнты дабавілі Поўны тэкст рэзалюцыяў і пастановаў нацыянальнага камітэту АГП ад 13-га кастрычніка. Кожны дзень на сайце можна прачытаць новыя аналітычныя артыкулы, перадрукаваныя зь беларускіх газэтаў. Сайт АГП зараз трохмоўны – па-беларуску, расейску і ангельску. Мы гутарым з вэб-майстрам Сяргеем:

(Сяргей: ) “Па-першае, у нас зараз у нас новы склад прэсавай службы, у нас зьявіўся перакладчык на ангельскую мову. Перакладае дачка зьніклага Красоўскага”.

(Караткевіч: ) “Што тычыцца інфармацыйнай палітыкі сайту пасьля выбару. Вашыя наведнікі, магчыма, патрабуюць аналітычную інфармацыю?”.

(Сяргей: ) “Аналітычнай інфармацыі шмат. Кожны дзень даюцца артыкулы з розных выданьняў, гэта тое, што нейкім чынам тычыцца нашай партыі, што можа ўяўляць нейкі інтарэс для нашых наведнікаў. Недзе каля трох артыкулаў мы ставім кожны дзень”.

(Караткевіч: ) “Якія раздзелы чытаюць на вашым сайце часьцей?”

(Сяргей: ) “Зразумела, навіны. Потым людзям падабаецца форум, я бачыў, шмат хто заходзіць, фотаархіў, дакуманты, бо я ня ведаю болей сайтаў, дзе б цалкам быў тэкст праграмы эканамічных рэформаў Беларусі”.

(Караткевіч: ) “На сайце АГП якая тэма дыскусіяў найбольш папулярная?”

(Сяргей: ) “Усё, што тычыцца палітыкі. Найбольш папулярная – аб фальсыфікацыях”.

(Караткевіч: ) “Вашыя чытачы больш крытычныя ці з падтрымкай ставяцца? Які іхны настрой пасьля верасьня?”

(Сяргей: ) “Больш з падтрымкай. Я атрымліваю шмат е-мэйлаў ад іх, што нарэшце зьявіўся сайт з патрэбнай інфармацыяй”.

Гаварыў вэб-майстар сайту Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Сяргей.

Практычна кожная сур'ёзная замежная фірма мае свой інтэрнэтаўскі сайт. Актыўна прапагандуюць сваю справу й буйныя бізнэсоўцы. Інтэрнэтаўская хваля дайшла і да суседняй Расеі. Такія магутныя расейскія кампаніі як "Газпром", "Лукойл", "Славнефть", "Ітэра" маюць за гонар расказаць ня толькі пра посьпехі фірмы, але й паказаць твар свайго кіраўніка. Адрозна ад бліжэйшых суседзяў, беларускія прадпрымальнікі ня маюць ніякага імпэту афішаваць ня толькі сваё імя, але й справу. Аргумэнты традыцыйныя — чым меней пра цябе ведаюць, тым болей шанцаў існаваць без асаблівых праблемаў. Тэму працягвае Ігар Карней.

(Карней: ) “Мэнэджэр разьвіцьця самага папулярнага ў Беларусі парталу "TUT.BY" Юрый Зісэр кажа, што праблема палягае ў плоскасьці неразуменьня выгодаў карыстаньня Інтэрнэтам. На пытаньне, ці дастаткова выкарыстоўваюцца Інтэрнэт-рэсурсы ў беларускім бізнэсе, Юрый Зісэр адказаў так.

(Зісэр:) "Пра што тут казаць — натуральна, недастаткова. У многіх буйных арганізацыяў няма сайтаў альбо яны сымбалічныя, проста для птушачкі. А галоўнае — нясуць мінімальную бізнэс-функцыю. Сытуацыя ў краіне такая, што людзі ня хочуць засьвечвацца.

Прыкладам, я ведаю аднаго сур'ёзнага чалавека, у якога дзесяткі гандлёвых кропкаў — ад вялізных унівэрмагаў да шапікаў, гатэлі, саўны. І ён кажа: ніякай маркі няма, усё пад рознымі шыльдамі, каб не прыцягваць увагі. Сайта, само сабой, таксама няма. Была Інтэрнэт-кавярня, але прыйшлося зачыніць, бо ёю мала цікавіліся. Такім чынам, яго ня ведае ніхто. Але там чалавек 200 толькі ў штаце."

Зараз партал "TUT.BY" прапануе цэлы шэраг паслугаў, сярод якіх вэб-хостынг, электронная пошта, Інтэрнэт-рэкляма. Хуткім часам пачне працаваць зусім новая паслуга — "Работа тут". Спадар Зісэр кажа, што калі іхная фірма імкнецца разьвівацца, то астатнія наадварот хаваюць свае твары. Наконт Інтэрнэту ў Беларусі ён мае наступнае меркаваньне.

(Зісэр:) "Вельмі карысная рэч, толькі ніхто ня ўмее ёй карыстацца. Мы, бадай, першыя, хто асвойвае гэтую справу. Узровень у гэтай галіне абсалютна дылетанцкі, нізкі. Трэба выхоўваць публіку, бо попыт на самой справе таксама невялікі — людзі ня ведаюць, не разумеюць рэальнай карысьці, якую нясе Інтэрнэт. Гэта культуралягічная рэч і на сапраўднасьць Інтэрнэту запатрабуецца два пакаленьні — як гэта адбылося са звычайнымі кампутарамі. У 60-70-ыя гады спрабавалі празь сілу ўвесьці аўтыматызаваныя сыстэмы кіраваньня, людзі адчайна гэтаму супрацьстаялі. І толькі зараз кампутар ня лічыцца пудзілам і сапраўды гэтым сталі шырока карыстацца. Але зьмянілася два пакаленьні."

Гэта быў мэнаджар па разьвіцьцю беларускага парталу TUT.BY Юрый Зісэр.

А што мяркуюць самі беларускія бізнэсоўцы адносна ролі Інтэрнэту ў сфэры прадпрымальніцтва. Вось што распавёў нашаму радыё кіраўнік фірмы працоўнай міграцыі Юрась Падгорны.

(Падгорны:) "Сёньня вэб-старонкі робяць у большасьці сваёй ня фірмы, а нейкія дробныя творчыя калектывы, якія не аформленыя нават юрыдычна. Але калі ў вашай старонцы будуць праскокваць памылкі, то гэта ніяк ня будзе працаваць на падвышэньне іміджу вашага бізнэсу. Увесь беларускі бізнэс разьвіваецца пэрманэнтна.

Сёньня грошы на разьвіцьцё ёсьць, заўтра будзе няшмат. А праца зь Інтэрнэтам мае на ўвазе абавязковае валоданьне вылучанай тэлефоннай лініяй. Такую магчымасьць маюць толькі фірмы з добрымі прыбыткамі. Але дробныя фірмы, сярэднія, папросту, ня маюць грошай на падтрымку сваёй вэб-старонкі. "

Спадар Падгорны ўпэўнены, што выкарыстаньне сеціва знаходзіцца ў пачатковым стане. Пра гэта сьведчыць і тое, што на старонках фірмаў- вытворцаў практычна няма рэклямы. А гэта значыць, большасьць прадпрымальнікаў па-ранейшаму аддаюць перавагу друкаваным рэклямным выданьням.

(Падгорны:) "Як і любое звычайнае папяровае выданьне, вэб-старонкі маюць такую крыніцу фінансаваньня як рэкляма. За кошт гэтага існаваць у Інтэрнэце бізнэсоўцу значна лягчэй. Але ж беларускі бізнэс разьвіваецца вельмі цяжка, таму рэклямавацца нашыя прадпрымальнікі не імкнуцца. Гэта адна з прычынаў комплексу праблемаў, назва якой — інтэрнэт не для беларускага бізнэсу. Пакуль што."

Такім чынам, амаль усе прадстаўнікі беларускага бізнэсу лічаць, што лепшыя часы беларускага Інтэрнэту яшчэ наперадзе.
XS
SM
MD
LG