Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНА Ў БЕЛАРУСІ 7,5 ТЫСЯЧ НАРКАМАНАЎ, НЕАФІЦЫЙНА — У 10 РАЗОЎ БОЛЕЙ


Ягор Маёрчык, Менск

Праект процідзеяньня распаўсюду наркотыкаў і прафіляктыкі наркалягічных захворваньняў рэалізоўваў галяндзкі Джэлінэк-цэнтар і Беларуская псыхіятрычная асацыяцыя пад эгідай Эўрапейскага бюро Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя.

Выканаўцы праекту наладзілі ў Беларусі некалькі інфрамацыйных кампаніяў. Апроч таго, стварылі нацыянальную прафіляктычную сетку і новую сыстэму рэабілітацыі наркаманаў. Дырэктар нідэрляндзкага Джэлінэк-цэнтру Кім Бэйсман задаволены вынікамі праекту:

(Бэйсман: ) "За 7 гадоў супрацоўніцтва мы дасягнулі сур'ёзных вынікаў. Калі параўноўваць беларуска-галяндзкі праект з тымі, у якіх я ўдзельнічаў раней (прыкладам у Румыніі ды Чэхіі, а таксама ў краінах Эўразьвязу), гэты праект вельмі эфэктыўны. За гэты час мы падвысілі інфармаванасьць насельніцтва, прафэсійны ўзровень людзей, якія дапамагаюць рэабілітавацца. Самае галоўнае, што мы стварылі нацыянальную прафіляктычную сетку".

У Беларусі афіцыйна зарэгістравана 7,5 тысяч наркаманаў. Паводле словаў галоўнага нарколяга Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімера Максімчука, у Менску іхная сапраўдная колькасьць перавышае афіцыйныя зьвесткі ў 12 разоў, а ў рэгіёнах — у 7 разоў. 65% наркаманаў — гэта людзі да 25 гадоў.

Беларусь мае мяжу з Расеяй, якая не кантралюецца — празь яе ў краіну і трапляюць наркотыкі. Спадар Максімчук прызнае гэта:

(Максімчук: ) "Наша геаграфічнае разьмяшчэньне ўплывае на наркагенную абстаноўку. Такі момант ёсьць. І сацыяльны фактар адыгрывае роль у распаўсюдзе наркаманіі, але мы ня лічым яго галоўным", — сказаў галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG