Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРАПАНУЕ ДЫЯЛЁГ З УЛАДАЙ. УЛАДА ПАЧЫНАЕ ЗАКРЫТЫЯ КАНСУЛЬТАЦЫІ


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўніцтва АГП перадало ў прэзыдэнцкую адміністрацыю зварот з прапановай распачаць перамовы. Такі ж зварот накіравалі й прадстаўнікам шырокай грамадзянскай кааліцыі. Сутнасьць прапановы тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Прадметам перамоўнага працэсу павінны стаць чатыры ўмовы, якія выпрацавала Венская тэхнічная канфэрэнцыя. Бакамі перамоваў — Лукашэнка ці тыя людзі, якія маюць ад яго мандат, і прадстаўнікі шырокай грамадзянскай кааліцыі. Прававой базай для гэтага зьяўляецца пункт 22 Стамбульскай дэклярацыі АБСЭ.

Адна зь відавочных, рэальных мэтаў — падрыхтоўка Беларусі да першых за апошнія шэсьць гадоў выбараў, якія праводзіліся б па стандартах АБСЭ. На наш погляд, гэта могуць быць выбары ў мясцовыя органы ўлады і парлямэнцкія, якія праводзяцца ў адзін і той жа час. Гэта дае мажлівасьць зэканоміць дадатковыя сродкі й правесьці іх у адзін дзень. Ды адначасова, адным актам, адной выбарчай кампаніяй закрыць пытаньне легітымнасьці прадстаўніцтва Беларусі ў міжнародных структурах і мець легітымныя парлямэнт і мясцовыя органы ўлады".

Анатоль Лябедзька паведаміў, што ніякай афіцыйнай, пісьмовай рэакцыі на гэтыя звароты пакуль няма. Хаця іх актыўна абмяркоўваюць у кулюарах. Ініцыятыву заўважылі і ў партыях, і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Нядаўна памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў правёў закрытыя перамовы на гэты конт з кіраўніком КНГ АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Той перадаў нейкія моманты з гэтай закрытай размовы з Посахавым прадстаўнікам апазыцыйных партыяў.

Спадар Посахаў лічыць, што гэтыя перамовы паміж уладай і апазыцыяй магчымыя, і іх можна было б пачаць пры ўмове прызнаньня апазыцыяй легітымнасьці мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Ён зазначыў, што ўлада ўлічвае тыя зьмены, якія адбываюцца ў міжнароднай супольнасьці, пацяпленьне адносінаў Расеі ды ЗША.

Анатоль Лябедзька аднак мяркуе, што ніякіх перадумоваў у такім выпадку ня можа быць, іначай перамовы на справе так і не распачнуцца, бо і апазыцыя прапануе свае перадумовы — напрыклад, вызваленьне палітвязьняў ці стварэньне незалежнай камісіі дзеля расьсьледаваньня справаў зьніклых.

(Лябедзька: ) "Афіцыйна ніякай паперы, ніякага звароту не было. Мы ўжо накіравалі Аляксандру Рыгоравічу яшчэ адзін ліст, дзе ўжо канкрэтна просім выказацца адносна прапановы пра пачатак перамоўнага працэсу. Калі мы атрымаем адказ, то можна будзе сказаць, у якім кірунку мы пойдзем. Кулюарныя размовы, вядома, маюць пэўнае значэньне, але не настолькі, каб успрымаць іх як нейкія канкрэтныя падзеі, якія ўжо адбыліся".

У іншых партыях яшчэ не гатовыя выказаць сваёй пазыцыі да гэтай прапановы. Гаворыць намесьнік кіраўніка БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Я чуў, але ж у нас кіраўніцтва яшчэ гэтага не абмяркоўвала. Таму пазыцыю кіраўніцтва я выказаць не магу. Асабіста я думаю, што нельга наступаць на адны і тыя ж граблі некалькі разоў і нельга зноў вяртацца да імітацыі перамоўнага працэсу, як гэта было некалькі гадоў таму".

Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што пачатак перамоваў з уладай яшчэ не азначае прызнаньня яе легітымнасьці. Шырокая грамадзянская кааліцыя, на думку Вячаслава Сіўчыка, павінна выпрацаваць агульны падыход да прапановы АГП, і гэта, ён мяркуе, — справа блізкага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG