Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБАМ НЯМА МЕСЦА Ў БУДУЧЫМ УРАДЗЕ АФГАНІСТАНУ


Аялксандар Лукашук, Прага

Асноўнай мэтай рэйдаў была разьведка, і задачы выкананыя. Адначасна кіраўніцтва Талібану заяўляе, што ніхто з вышэйшага кіраўніцтва краіны не пацярпеў, няма забітых ці выкрадзеных. У апэрацыі удзельнічала каля 100 чалавек і, паводле Пэнтагону, яна прайшла бяз стратаў. Талібы заяўлялі, быццам амэрыканскі бок панес страты. Дарэчы, яны таксама заявілі, што супраць іх вядзецца хімічная і бактэрыялягічная вайна. Гэтыя заявы былі катэгарычна аспрэчаныя амэрыканскім бокам.

Калі гаварыць пра наземную апэрацыю, дык яна мела на ўвазе яшчэ адну мэту – прадэманстарваць, што амэрыканскія вайскоўцы здольныя на практыцы нечакана, свабодна, без супраціву і бяз стратаў ажыцьцявіць наземны удар – гэта моцны псыхалягічны сыгнал талібам, што такая апэрацыя можа паўтарыцца калі і дзе заўгодна. У гэтай сувязі варта адзначыць, што Джордж Буш падпісаў загад, які даў права ЦРУ на правядзеньне апэрацыяў зьнішчэньня, якія былі забароненыя перад 11 верасьня. Цяпер вайна будзе без пальчатак, як заявіў адзін прадстаўнік ЦРУ.

У нядзелю упершыню адбыліся дзённыя паветраныя атакі на Кабул. Супрацьпаветраная абарона талібаў маўчала – верагодна, яна зьнішчаная папярэднім бамбаваньнем. Паводле зьвестак, узмоцненая дапамога Паўночнай кааліцыі – адбыліся моцныя бамбаваньні пазыцыў талібаў на поўначы ад Кабула.

На думку некаторых экспэртаў, ЗША павінны закончыць ваенную фазу апэрацыі ў Афганістане ужо праз некалькі тыдняў. Прычыны – надыход зімы і сьвятога для мусульманаў месяцу Рамадан, які пачнецца ў сярэдзіне лістапада.

«У нашых інтарэсах і інтарэсах кааліцыі, каб гэтая праблема была разьвязаная да зімы, якая зробіць нашу апэрацыю тут нашмат больш складанай» – сказаў у нядзелю Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэ.

Аднак талібы сьцвярджаюць, што нават калі яны будуць выгнаныя з асноўных гарадоў, яны пачнуць доўгую партызанскую вайну, якая можа стаць асабліва эфэктыўнай ва ўмовах афганскай зімы, дзе тэмпэратура сягае 20 градусаў марозу. Ізмаіл Хан, адзін з ключавых ваенных лідэраў Паўночнага альянсу, кажа, што лепшы шлях перамагчы талібаў – гэта даваць грошы талібскім палявым камандзірам, пераманьваючы іх на свой бок. “Пакуль людзі не зразумеюць, што Талібан і бін Лядэн – іхныя ворагі, будзе нялёгка падавіць супраціў”.

Разам з інтэнсыфікацыяй ваенных дзеяньняў супраць талібаў паскараюцца дыпляматычныя крокі, накіраваныя на стварэньне стабільнай будучыні Афганістану пасьля выгнаньня талібаў – у тым ліку з удзелам былога манарха Махамада Захір Шаха. Настрой ва ўсіх удзельнікаў кааліцыі моцна анты-талібскі. У Рыме прайшлі перамовы паміж былым каралём Афганістану і кіраўніком у справах замежнай палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Гаўерам Салянам. Зараз фармауецца рада ў складзе 120 чалавек, якая будзе працаваць над стварэньнем новага ураду. Вось што адказаў памочнікк былога караля Залмай Расул на пытаньне пра ўдзел талібаў: “Няма памяркоўных у кіраўніцтве талібаў. Усе афганцы, якія заслугоўваюць быць у гэтай радзе, будуць прадстаўленыя. Прадстаўніцтва ў гэтай радзе грунтуецца на рэгіёнах, а не групоўках альбо партыях. Там сапраўдныя прадстаўнікі афганскага народу”.

Сёньня ж будучыню Афганістана абмяркоўвалі ў Душанбэ. Сёньня адбылася сусутрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з прэзыдэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонавым і легітымным кіраўніком Афганістану Бурнахудзінам Рабані. Бакі падпісалі сумесную заяву, у якой пацьвердзілі намер дабівацца стабілізацыі сытуацыі ў Афганістане. Удзельнікі сустрэчы таксама адзначылі, што ў Афганістане трэба стварыць кааліцыйны ўрад, у які ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх этнічных груп і палітычных структураў – акрамя руху Талібан.

“Мы мяркуем, што пазыцыя законнага міжнароднага прызнанага ўраду іслямскай дзяржавы Афганістан, якая заключаецца ў тым, што рух Талібан не павінен быць прадстаўлены у будучым кіраўніцтве, зьяўляецца абгрунтаванай,” – заявіў Уладзімер Пуцін.

Такую пазыцыю займае Эмамалі Рахмонаў: “Гэта ня толькі мы. Я сустракаўся з міністрам замежных справаў Нямеччыны Фішарам. Пасьля нашай сустрэчы ён дакладна заявіў, што Нямеччына таксама супраць уваходжаньня прадстаўнікоў талібаў у будучы кааліцыйны урад”.

Такім чынам, у большасьці ўсясьветных сталіц ёсьць пэўная згода наконт будучыні Афганістану. І яшчэ адна важная характарыстыка падзеяў – гуманітарная дапамога працягваецца, нягледзячы на загад ААН сваім супрацоўнікам спыніць працу і ратавацца.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG