Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ АБМЯРКОЎВАЕЦЦА БУДУЧЫНЯ АФГАНІСТАНУ, А БРЫТАНСКІ СПЭЦНАЗ РЫХТУЕЦЦА ДА НАЗЕМНЫХ АПЭРАЦЫЯЎ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Якія новыя падрабязнасьці брытанскага ўдзелу ў наземных ваенных апэрацыях у Афганістане?”

(Пачкаеў: ) “Тое, што паветраныя ўдары – магчыма толькі першы этап ваеннай апэрацыі ў Афганістане – заяўлялася брытанскім кіраўніцтвам ад пачатку. Але цяпер прадстаўнік прам’ера Тоні Блэйра ўпершыню зрабіў больш пэўныя намёкі на выкарыстаньне брытанскіх наземных сілаў у Афганістане. Роля Злучанага Каралеўства, – было заяўленна, – наўрад ці абмяжуецца пускам крылатых ракетаў з субмарынаў ці паветранай выведкай і дазапраўкай амэрыканскіх самалётаў у паветры. Брытанскія сілы маюць выключны досьвед у рэгіёне. Цяпер ўрад ужо афіцыйна пацьвердзіў, што адбываецца удакладненьне дэталяў з амэрыканскімі афіцыйнымі асобамі – ролі брытанскіх сілаў у наземных апэрацыях – і гэта ёсьць важнай навіною”.

(Ціхановіч: ) “Якія менавіта брытанскія аддзелы могуць прыняць удзел у наземных апэрацыях?”

(Пачкаеў: ) “Хаця, натуральна, не называецца канкрэтных вайсковых аддзелаў – але тут агульна разумееца так, што гаворка ідзе пра так званыя сілы САС (SAS). Напэўна? нашым слухачом будзе цікавай кароткая даведка, што гэта за аддзелы. САС з ангельскай мовы азначае Спэцыяльная паветраная служба. САС была ўтвораная падчас Другой Сусьветнай вайны для дывэрсійна-выведачных рэйдаў у нямецкі тыл і першая апэрацыя адбылася ў Паўночнай Афрыцы ў 1941 г. САС ваявала ў нямецкіх тылах таксама і ў Эўропе – а Гітлер, дарэчы, загадаў тады жаўнераў САС ў палон ня браць. Адразу пасьля вайны САС займалалася вышукам і захопам (і часам зьнішчэньнем) нямецкіх ваенных злачынцаў і афіцэраў СС. Пазьней, гэтыя сілы бралі ўдзел у апэрацыях па вызваленьні закладнікаў у былых брытанскіх калёніях, Фальклэндзкай вайне, і, напэўна, найбольш вядомай апэрацыяй быў штурм амбасады Ірану ў Лёндане ў 1980 г. Апошнім часам САС праводзіла апэрацыі па вышуку і захопе падазраваных у ваенных злачыствах у Босьніі. Ну і трэба згадаць, што Афганістан добра вядомы для САС, бо брытанскія інструктары рыхтавалі маджагедаў падчас савецкага знаходжаньня ў Афганістане. Трэба дадаць, што САС ёсьць прадметам нацыянальнага гонару Брытаніі – іх імадж выкарыстоўваюць тут нават у тэлерэклямах напояў...”

(Ціхановіч: ) “Якога роду наземныя апэрацыі маюцца на ўвазе?”

(Пачкаеў: ) “Ну, прыклад такіх апэрацый быў прадэманстраваны амэрыканскімі сіламі “Дэльта” ў Афганістане. Гэта тактыка, якая тут завецца “ударыць – і ўцякаць”. Ня йдзеццца пра акупацыю нейкіх часткаў краіны заходнімі войскамі, але вось для падобных спэцапэрацыяў супраць найважнейшых аб’ектаў талібаў і бін Лядэна аддзелы САС – найлепей падрыхтаваныя, і найбольш верагодна, што мы пабачым брытанскі ўдзел менавіта ў такіх наземных спэцапэрацыях”.

(Ціхановіч: ) “Ваенная апэрацыя не прыпыняе захадаў на дыпляматычным фронце?”

(Пачкаеў: ) “Так, прамаўляючы сёньня ў Міжнародным Інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў, кіраўнік Брытанскага Міністэрства замежных справаў Джэк Страў распавёў пра тое, як бачыцца з пункту гледжаньня Брытаніі будучыня дэмакратычнага Афганістану. Джэк Стро прызнаў, што ў мінулым Захад “падводзіў” Афганістан, але болей такога не паўторыцца. Сярод галоўных пунктаў будучыні для Афганістану ён вылучыў удзел Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў; шырокі афганскі ўрад з уключэньнем усіх афганскіх этнічных групаў – прыняты народам краіны; абавязак Захада паставіць рэсурсы для адбудовы нармальнага жыцьця ў Афганістане; а таксама ня выключыў ён і неабходнасьці таго, каб міжнародныя войскі заставаліся там і пасьля вайны – для аховы такой адбудовы мірнага жыцьця ў Афганістане”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG