Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ЗАЎТРА ЧАКАЮЦЬ СІЛАВОГА ВЫРАШЭНЬНЯ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Пакуль у Курапатах спакойна, але людзі, што знаходзяцца тут, называюць гэта зацішшам перад бурай. Будаўнічыя працы ня йдуць, дзяжурства кругласутачнае працягваецца. Плянавалася, што сёньня тут адбудзецца сустрэча актывістаў грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне Курапатаў” з кіраўніцтвам прадпрыемства “Магістральаўтадор”, але яе перанесьлі на заўтра. Сёньня ж у гэтай фірме мне паведаміў намесьнік дырэктара ў справе будаўніцтва Сяргей Ісакаў, што работы ня будуць адноўленыя і заўтра. Але нядаўна будаўнікі зьнялі частку асфальтавага пакрыцьця дарогі, літаральна насупраць лягеру абаронцаў Курапатаў, і цяпер транспарт, едучы міма, запавольвае хаду. У лягеры ідзе жыцьцё – тут чытаюць вершы, сякуць дровы, гатуюць ежу. Нядаўна да лягеру прыбіўся бяздомны сабака, які цяпер вартуе лягер. Вырашана, што нехта пасьля возьме яго дахаты.

Але ўсё ж чым гэта скончыцца і калі? Побач са мной актывіст руху Зубар Яраслаў Сьцешак. Яраслаў, ці падрыхтаваныя вы, што на крыжы пойдуць бульдозэры або сюды прыедуць міліцыянты?”

(Сьцешак: ) “Так, вядома, мы падрыхтаваныя, але ня так, як хацелася б. Па-першае, як толькі пачнецца гвалт, мы зьбіраемся паведаміць журналістаў. Зьбіраемся абараняць Курапаты негвалтоўным супрацівам – будзем сядаць на шляху бульдозэраў, будзем рабіць, што зможам”.

(Ціхановіч: ) “У суботу фатограф Уладзімер Кармілкін паведаміў, што быў сьведкам сутычкі паміж абаронцамі Курапатаў і адным з трактарыстаў нападпітку. Ці зьвяртае міліцыя ўвагу на такія выпадкі? Што гэта за людзі, тыя будаўнік, можа яны мяняюць сваё стаўленьне да працы ў Курапатах?”

(Соусь: ) “Я часта бачу будаўнікоў нападпітку, аднойчы і прараба п’янага бачыла, але няма ўражаньня, што кіраўніцтва ці міліцыянты кантралююць іх стан. Нагадаю, што калі быў зьнішчаны першы крыж, тады нейкі кіраўнік пасадзіў у сваю машыну п’янага бульдазэрыста і адвез яго недзе…”

(Ціхановіч: ) “Ёсьць зьвесткеі, што дрэвы, якія высякаюцца, прадаюцца пасьля будаўнікамі. Ці так гэта?”

(Соусь: ) “На маю думку, не. Тая драўніна, якая была атрыманая дагэтуль, пайшла на дровы абаронцам Курапатаў, з часткі дрэваў робяць крыжы, якіх тут цяпер вельмі шмат. Астатнія дрэвы проста ляжаць на зямлі”.

(Ціхановіч: ) “Выглядае, што галоўны дзень будзе заўтра?”

(Соусь: ) “Так, усе чакаюць заўтрашняга дня, але аптымізму, як я бачу, у абаронцаў няма. Яны чакаюць сілавога вырашэньня і чакаюць, што стануць ахвярамі і закладнікамі таго, што не зрабілі дарослыя палітыкі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG