Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАКАЕЦЦА, ШТО У НАСТУПНЫЯ 5 ГОД ВЫДАТКІ НА АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНЫЯ ЗАХАДЫ Ў ЗША СКЛАДУЦЬ 1.5 ТРЫЛЬЁНА ДАЛЯРАЎ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, увесь мінулы тыдзень з ЗША паступала інфармацыя пра знаходкі бактэрыяў сыбірскай язвы ў розных урадавых офісах і рэдакцыях сродкаў масавай інфармацыі. Ці ёсьць новыя факты?”

(Навумчык: ) “Алена, у Нью-Ёрку завяршаецца праверка памяшканьня мангэтанскага офісу губэрнатара штату Нью-Ёрк Джорджа Патакі на наяўнасьць вірусу сыбірскай язвы – паводле папярэдняй інфармацыі, новых вірусаў ня знойдзена. Губэрнатар Нью-Ёрку Джуліяні паведаміў, што правяраюцца і некалькі рэдакцыяў тэлекампаніяў і газэтаў, вынікі тэсту будуць вядомыя праз дзень альбо два. Джуліяні таксама сказаў, што ў Нью-Ёрк прыбылі дадатковыя брыгады адмыслоўцаў для правядзеньня аналізаў”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, як вядома, міністар аховы здароўя ЗША Том Томпсан запатрабаваў дзеля павелічэньня запасаў антыбіётыкаў дадатковае фінансаваньне. Ці ўжо выдаткаваныя гэтыя сродкі?”

(Навумчык: ) “Алена, так, міністар папрасіў дадаткова паўтара мільярда даляраў на барацьбу з біялягічным тэрарызмам, і гэтае пытаньне пакуль разглядаеца, але няма сумневу, што вырашыцца станоўча. Наогул, ўжо цяпер зразумела, што эканамічныя выдаті тэрактаў 11 верасьня ў дзясяткі разоў перавышаюць страты ад уласна разбураных будынкаў, фінансавыя страты фірмаў, якія там працавалі ды страхавыя кампэнсацыі, якія ўжо пачалі выплочвацца.

Памятаеш, спачатку казалі пра тое, што павелічэньне кантролю на авіялініях адаб’ецца неайперш на пасажырах? Так яно і атрымалася. Сэнат вырашыў дадаткова увесьці 18 тысячаў працоўных месцаў для дзяржаўных служачых, якія будуць кантраляваць пасажыраў і багаж. У выніку кошт аднаго квітка падымецца на два з паловай даляры (праўда, закон яшчэ не падпісаны прэзыдэнтам)”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, але два з паловай даляры – гэта, пагадзіся, невялікая плата за гарантаваньне бясьпекі”.

(Навумчык: ) “Гэта – “зусім нічога”, але прэзыдэнт Буш лічыць, што авіякампаніі самі павінны клапаціцца пра бясьпеку пасажыраў, тым больш што для гэтага ў іх былі і ёсьць усе магчымасьці. Буш, як вядома, – пасьлядоўны праціўнік павелічэньня дзяржаўнага апарату. І ўсё ж, авіякампаніям, нягледзячы на цяжкія часы, ня варта скардзіцца на няўвагу дзяржавы – пасьля 11 верасьня яны атрымалі зь бюджэту 15 мільярдаў даляраў”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, з авіяцыйным і біялягічным тэрарызмам Амэрыка ўжо сутыкнулася, таму такія выдаткі зразумелыя, а якія яшчэ сфэры эканомікі вымагаюць дадатковага фінансаваньня?”

(Навумчык: ) “Алена, выглядае, што практычна ўсе сфэры жыцьця ў ЗША перабудоўваюцца з улікам магчымых тэрарыстычных актаў. Напрыклад, 30 мільёнаў даляраў выдаткоўваецца на ахову гістарычных помнікаў ў адным толькі Вашынтоне, але гэта – сьціплыя грошы ў параўнаньні зь іншымі выдаткамі. Сэнатар Робэртс прапанаваў выдаткаваць мільярд даляраў на прадухіленьне аграрнага тэрарызму (гэта каб не было адмысловых эпідэміяў жывёлы ці атручваньня пасеваў). Мільярд даляраў плянуецца даць на абарону ўрадавай кампутарнай сыстэмы ад тэрарызму.

Пад гэтую тэму рамонтныя кампаніі запатрабавалі 5 мільярдаў даляраў на паляпшэньне аўтастрадаў – на той падставе, што чым больш дасканалыя дарогі, тым лягчэй выратавальнікам і паліцыі дабірацца да месца тэракту.

Бясспрэчна, вялізных сродкаў запатрабуе новая сыстэма аховы атамных станцыяў, нафтавых сховішчаў, чыгунку, вадасховішчы.

І ў выніку – паводле папярэдніх палікаў – выдаткі на антытэрарызм у бліжэйшыя пяць гадоў запатрабуюць паўтара трыльёна даляраў. Гэта – амаль гадавы бюджэт Амэрыкі”.

XS
SM
MD
LG