Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЛЯ “ЯМЫ” АДБЫЎСЯ МІТЫНГ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Альгерд, раскажыце слухачам, што сабой уяўляе сёньня мэмарыял “Яма?”

(Невяроўскі: ) “Яшчэ ў савецкія часы у так званай Яме быў пастаўлены сьціплы абэліск у гонар зьнішчаных тут габрэяў. Летась тут быў усталяваны таксама невялікі помнік-мэмарыял у выглядзе людзей, якія ідуць на сьмерць. Аўтар праекту – вядомы архітэктар Левін”.

(Ціхановіч: ) “Хто сёньня сабраўся на мітынг? Хто выступаў? Пра што гаварылі?”

(Невяроўскі: ) “На мітынг сабралася некалькі сотняў чалавек. Гэта пераважна актывісты габрэйскіх арганізацыяў і вэтэраны вайны. На мітынгу выступіў прэзыдэнт Саюзу габрэйскіх арганізацыяў Беларусі Леанід Левін, амбасадар Ізраілю і іншыя”.

(Ціхановіч: ) “Ці не выглядае, што памяць Галакосту застаецца справай габрэйскай, а не агульнабеларускай, калі меркаваць па сёньняшнім мітынгу?”

(Невяроўскі: ) “Выглядае, Алена. Папярэднічаў сёньняшняму мітынгу круглы стол, які называўся “Ўрокі Галакоста. Выхаваньне міжнацыянальнай талерантнасьці”. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў і амаль усе ўдзельнікі гэтага мерапрыемства, што ўлады Беларусі сёньня робяць усё, каб памяць пра Галакост не захавалася. Напрыклад, у школьных падручніках па гісторыі няма ніводнага радка на тэму трагедыі беларускага і сусьветнага габрэйства, і вучні даведваюцца пра вынішчэньне габрэяў дзякуючы энтузіязму некаторых настаўнікаў. Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў таксама абураліся тым, што ў Беларусі дзень памяці ахявяраў Галакосту да гэтага часу не адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Удзельнікі гэтага круглага стала таксама згадвалі толькі адзін выпадак, калі памяць ахвяраў генацыду ўшаноўвалася на дзяржаўным узроўні – гэта было ў 1993 годзе, калі жалобныя мерапрыемствы праходзілі ў Опэрным тэатры з удзелам Станіслава Шушкевіча, Вячаслава Кебіча ды іншых тагачасных кіраўнікоў дзяржавы.

Але актывісты габрэйскіх арганізацыяў кажуць, што ня гэта самае страшнае. Яны згадвалі і антыгабрэйскія перадачы на дзяржаўным радыё, артыкулы ў газэтах, а таксама свабодны распаўсюд у Беларусі антысэміцкай кніжкі “Вайна па законах подласьці”. Таму прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў ужо не зьдзіўляюцца, калі чуюць пра чарговы акт вандалізму на габрэйскіх могілках ці антысэміцкія выказваньні дэпутатаў гэтак званай “палаты прадстаўнікоў”. Дарэчы ў згаданым круглым стале па невядомых прычынах адмовіліся ўдзельнічаць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі ды іншых дзяржаўных установаў, хаця і былі запрошаныя. А ўлады прадстаўляў толькі намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Іван Яновіч”.


XS
SM
MD
LG