Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ МОЖА АДМОВІЦЦА АД СТАНЦЫІ РАНЬНЯГА ПАПЯРЭДЖАНЬНЯ ПАД БАРАНАВІЧАМІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У кіраўніцтве касьмічных войскаў Расеі, якой належыць радыёлякацыйная станцыя пад Баранавічамі, заяўляюць, што выпрабаваньні станцыі папярэднічаюць пастаноўцы яе на баявое дзяжурства на пачатку будучага году.

Станцыя зможа кантраляваць касьмічную прастору на заходнім напрамку, папярэджваючы пра набліжэньне любых аб'ектаў. Паводле ранейшых заяваў, увядзеньне станцыі пад Баранавічамі ўмацуе бясьпеку Расеі й Беларусі, бо вакол іх замкнецца кола падобных станцыяў папярэджваньня тыпу "Волга", разарванае пасьля зруйнаваньня падобнай станцыі ў Латвіі і адмовы ад будаўніцтва станцыі ў Заходняй Ўкраіне.

Але не выключаюць, што пасьля пастаноўкі на баявое дзяжурства расейскія вайскоўцы станцыю зачыняць, і беларусам зноў прыйдзецца вызначацца, што рабіць з гэтым дарагім аб'ектам. Рэч у тым, што Расея на вачах мяняе падыходы да выведкі касьмічнай прасторы. Стаўка робіцца ўжо не на дарагія станцыі папярэджваньня, падобныя да яшчэ ня ўведзенай пад Баранавічамі, а на адмысловыя спадарожнікі, так званыя "мабільныя станцыі".

Нагадаю, адкуль гэтыя зьвесткі. Калі расейскі прэзыдэнт Ўладзімер Пуцін паведаміў, што Расея зьбіраецца адмовіцца ад утрыманьня вайсковых базаў на Кубе і ў Віетнаме, сталі больш шчырымі расейскія генэралы. У прыватнасьці, начальнік генштабу Расеі Анатоль Квашнін заявіў, што Расея, адмовіўшыся ад утрыманьня кубінскай станцыі, сэканоміць 200 мільёнаў даляраў штогод. За гэтыя грошы можна забясьпечыць працу 20 спадарожнікаў, якія будуць рабіць такую ж выведку, заявіў генэрал Квашнін.

Пасьля зь яшчэ больш пэўнымі заявамі выступіў начальнік касьмічных войскаў Расеі генэрал Пермінаў. Ён недвухсэнсоўна заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што "ў блізкай пэрспэктыве" Расея плянуе адмовіцца ад утрыманьня стацыянарных станцыяў папярэджаньня на карысьць мабільным станцыям, бо яны не такія дарагія і патрабуюць менш энэргіі.

Штопраўда, празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы прэсавая служба касьмічных войскаў абвергла свайго начальніка. Было заяўлена, што адмаўляцца ад утрыманьня стацыянарных станцыяў не зьбіраюцца, на справе іх нібыта зьбіраюцца падмацаваць мабільнымі станцыямі.

Нагадаю, акрамя тэрыторыі Расеі станцыі тыпу "Волга" знаходзяцца ў Казахстане, Азэрбайджане і Беларусі. Утрыманьне адной станцыі каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў штогод. Гэта ня лічачы платы за карыстаньне аб'ектам, які прыраўнаны да вайсковай базы.

Праўда, беларускае кіраўніцтва яшчэ ў 1995 годзе аддало баранавіцкую станцыю расейцам ва ўласнасьць — за сьпісаньне ранейшых даўгоў. Цяпер, калі расейцы ад станцыі адмовяцца, для беларускага кіраўніцтва зноў паўстане грашовае пытаньне. Бо ўтрымліваць яе Беларусі не па кішэні, ды й няма такой патрэбы — касьмічных войскаў у яе няма.

Што да кансэрвацыі станцыі, то яна будзе каштаваць штогод некалькі мільёнаў даляраў, якіх у беларускім бюджэце таксама не стае. Дарэчы, як сьведчыць досьвед зьнішчэньня падобнай станцыі Скрундзе ў Латвіі, ня менш за мільён даляраў будзе каштаваць і зьнішчэньне гэтага абекту. Затое вывядзеньне станцыі зь ліку дзейных аўтаматычна выключае пагрозу ядзернага ўдару па станцыі ў выпадку вайны.

XS
SM
MD
LG