Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ЗНОЎ ПАЧАЛІ НАСТУП НА ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Перасьлед гандляроў рынку "Ждановічы" ўчынілі супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю. Вось што распавёў сёньня нашаму радыё прафсаюзны лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) "Да выбараў нас ніхто не чапаў. І ўсе казалі пра тое, што нарэшце надышла свабода прадпрымальніцтва — што ня трэба мець на працоўным месцы дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё тавару, ня варта мець накладных. Але вось у суботу была арыштаваная гандлёвая кропка — за тое, што не было накладной на тавар. Адным словам, пачаўся наезд на прадпрымальнікаў. У нядзелю вельмі многіх узялі на "Ждановічах".

Як вядома, напярэдадні выбараў беларускія ўлады пайшлі насустрач дробнаму бізнэсу. Прынялі дэкрэт ад адзіным падатку, які меў станоўчую ацэнку ў прадпрымальніцкім асяродку. Як вынік, пэўная частка гандляроў, паводле іхных зьвестак, аддала свае галасы Аляксандру Лукашэнку.

Як лічыць спадар Шумчанка, прадпрымальнікаў увялі ў зман, паколькі зараз ўлада зноў распачала зь імі змаганьне. Паводле ягоных словаў, барацьбіты з эканамічнай злачыннасьцю кіраваліся новым дакумэнтам Камітэту дзяржаўнага кантролю. Гэты дакумэнт прадпісвае вяртаньне да старых парадкаў у пытаньні кантролю прадпрымальнікаў:

(Шумчанка: ) "Мы мусім мець дакумэнты, што пацьвярджаюць набыцьцё і наяўнасьць тавараў на дадзены момант. А таксама дакумэнты на якасьць. Калі гэтага няма, то тавары забіраюць у даход дзяржавы. Інакш кажучы, мы вяртаемся да дэкрэту №14, які быў выдадзены Лукашэнкам чатыры гады таму і супраць чаго мы шмат разоў пратэставалі, ладзілі страйкі. Паводле гэтага дэкрэту праводзіцца канфіскацыя".

Дарэчы, зьдзіўленьне гандляроў выклікаў той факт, што рэпрэсіі супраць іх распачаліся літаральна на наступны дзень пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі краіны. Лукашэнка, як вядома, паабяцаў на гэтай сустрэчы лібэралізаваць айчынны бізнэс. Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, меркаванае разьняволеньне прадпрымальніцкай дзейнасьці ўключае і паслабленьне кантролю.

Насамрэч, як зазначыў Анатоль Шумчанка, у краіне аднаўляецца эканамічны ціск на прадпрымальнікаў. Сёньня ж пацярпелыя гандляры пратэст пра свой перасьлед накіравалі ва ўрадавыя структуры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG